Белорусское
культурно-просветительское
общество
Белорусское
культурно-просветительское
общество
Slider

Кожны з нас жыве ў чаканенне нязвычайных падзей. Вось так і ў нас. Шмат часу рыхтаваліся да VI Міжнароднага фестывалю беларускай аўтарскай песні “Восеньскія зоры”, які стаў адным з галоўных мерапрыемстваў Беларускага культурна - асветніцкага таварыства “Уздым”.

21 верасня фестываль гучаў рознымі галасамі  ва ўтульнай зале Даўгаўпілскага Палаца культуры, дзе сабраліся жыхары горада, якія цікавяцца беларускай культурай. Прыемна адзначыць, што гледачоў было шмат. Зала была упрыгожана восеньскімі кветкамі, якія падрыхтавалі да мерапрыемства Леангіна Мужніецэ (член праўлення таварыства “Уздым”), Інга Ліегума, Валянціна Ліпінская. Беларускія рушнікі і настольнікі стваралі атмасферу свята. А  старадаўнія гармонік і патэфоны з пласцінкамі з калекцый Валянціны Ліпінскай і Вольгі Паўловіч (член праўлення таварыства “Уздым”) надалі святу асаблівы настрой.

Фестываль “Восеньскія зоры” праходзіў у рамках дзен беларускай культуры, якія штогод аб’яўляе Саюз беларусаў Латвіі. Святы, прысвечанныя беларускай культуры, ладзяцца па ўсей краіне беларускімі суполкамі.

Першы намеснік мэра Даўгаўпілскай гарадской думы Аляксей Васільеў павіншаваў удзельнікаў і гасцей з нагоды мерапрыемства. Гораду ёсць чым ганарыцца!

Песняй “Наш фестываль” на словы Станіслава Валодзькі і музыку Альберта Белуся (Браслаў, Беларусь) ў выкананні Рыгора Старавойтава і гурта “Натхненне” (музычны кіраўнік Яніна Юзэфовіч, мастацкі кіраўнік Лілія Воранава, таварыства “Уздым”, Даўгаўпілс) пачалося свята “Восеньскія зоры”.

Прывітальныя словы гучалі ад беларусаў з розных краін, якія не мелі магчымасці даехаць да нас. Нас віншавалі беларусы з Іарданіі, Італіі, Польшчы і Беларусі.

Мы слухалі цудоўную песню “Прысвячэнне Беларусі” ў выкананні Таццяны Леўсік. Яна з'яўляецца аўтарам музыкі песні, аўтар слоў Ала Усачова. Беларускі тэкст С. Валодзькі. Польскі гурт “Вольныя птахі” праспявалі “Аксамітны летні вечар”, а эстрадная група “Акорд” з Беларусі – “Святой Беларусі зямля”.

Прыемна было адчуваць, што на свята сабраліся аматары аўтарскай песні з усёй Латвіі. З задавальненнем слухалі спявачку, салістку калектыва “Надзея” (таварыства “Промень”, Рыга) Людмілу Сінкевіч, якая ўпершыню прыняла ўдзел у фестывалі “Восеньскія зоры”.

У мінулым годзе слухачам вельмі спадабаўся малады спявак з г. Дагды Артур Трэпша, які і сёлета  парадаваў слухачоў.

Дуэт Алены Віткевіч і Валерыя Ермачэнка – гэта заўзятыя госці на нашых фестывалях. Вельмі таленавітыя і разнастайныя выканаўцы. З’яўляюцца аўтарамі шматлікіх песен. Адна з фестывальных песен у іх выкананні на словы Леанарда Коэна “Алілуя”, беларускі тэкст Л. Воранавай, вельмі кранула слухачоў.

Удзельніцу беларускага калектыва “Завіруха” з Екабпілса Наталлю Елізар’еву можна пазнаць па асаблівай манеры выканання. Спявае  песні, якія кранаюць жаночае сэрца.

Штогод прымаюць удзел у фестывалю спявакі з Ліван – Лідзія Знотыня і Яўген Пашкевіч, жыхарка нашага гораду педагог і віяланчэлістка Майя Калныня. Майя прафесійны музыкант.

Упершыню выступалі артысты з Ліван - Алена і Аляксандр Усцінавы, Анастасія Кізэрнэ. Іх выкананне спадабалася слухачам. 

Яркія зорачкі нашага фестывалю сестры Анастасія і Ксенія Лукашонак прайшлі праз выпрабаванне – нечаканна ў час выканання замоўкла фанаграма, але дзяўчаты цудоўна даспявалі песню і атрымалі гучныя апладысменты.

Мы ганарымся тым, што сярод членаў таварыства “Уздым” шмат таленавітых людзей. Філасофскі твор аб пройдзеным жыццёвым шляху, аб пераацэнцы мінулага і аб надзеі на нешта новае і лепшае гучаў у выкананні Віталія Міхайлоўскага.

Гучны, меладычны  голас Аляксандра Лапы не пакінуў абыякавым гледачоў - яны спявалі разам і падтанцоўвывалі. Выступленне Аляксандра вельмі спадабалася слухачам.

Незвычайным адбылося знаёмства з нядаўна створаным гуртом “Рандэву” пад кіраўніцтвам Вольгі Чапулэ і салістамі Рыгорам Старавойтавым і Катрынай Паўкштэ. Артысты спявалі на беларускай мове (“Кукушачка” на словы Г. Рачса, музыка Р. Паўлса. Беларускі тэкст С. Валодзькі), італьянскай (“Come Vorej” аўтар тэксту Крысціяно Мінеллоно, кампазітар Дарыё Фарына) і рускай мовах. Саліст гурта, член таварыства “Уздым”  Р. Старавойтаў выканаў песню “Родная сторона”, словы і музыку да якой ён напісаў сам.  Спадзяёмся, што наша супрацоўніцтва з калектывам працягніцца.

Фестываль прадоўжыў свае традыцыі і пазнаёміў з маладым выканаўцам, выпускніком беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”, што працуе пры таварыстве “Уздым”,  Паўлам Кузьмічом.

Гучалі песні на розных мовах, але абавязковай умовай для ўсіх удзельнікаў было выкананне песні на беларускай мове.

Вядучымі мерапрыемства выступілі Лілія Воранава (старшыня таварыства “Уздым”) і Людміла Сінякова (намеснік старшыні таварыства “Уздым”). Словы падзякі членам праўлення таварыства: Дануце Абрамовіч, Таццяне Рудэнка, Зінаідзе Сіліня, Таццяне Дзянісавай, Мікалаю Паўловічу за значны ўклад пры падрыхтоўцы свята.

Удзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы і падарункі, зробленныя майстрыхамі праўлення таварыства “Уздым”.

Завяршылась фестывальная ўрачыстасць. Адгучалі “Восеньскія зоры”. Чакаем сустрэчы з VII Міжнародным фестывалем беларускай аўтарскай песні!

Матэрыял падрыхтавала

Людміла Сінякова

намеснік старшыні таварыства “Уздым”