20 жніўня дэлегацыя Беларускага таварыства “Уздым” ажыццявіла паездку ў сталіцу, дзе здзейсніла пазнавальны квэст “Знайдзі беларускія імёны на карце Рыгі”. Выхаванцы беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” знаёміліся з гісторыяй, у якую слаўныя справы ўпісалі беларусы: паэт Янка Купала, герой барыкад Уладзімір Гамановіч, мастакі Вячаслаў Целеш і Аляксандра Бельцава.
Паэт Янка Купала
Раніцай экскурсійны аўтобус ад Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе ўзяў курс на Рыгу. Першым месцам квэста стала Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы, што на вул. Ілукстэс, 10, у Латгальскім прадмесці. Гасцей ля ўвахода, побач з якім на сцяне размешчаны барэльеф Янкі Купалы, сустракала завуч школы Ганна Уладзіславаўна Іванэ.
У канцы жніўня школьныя калідоры і класы, з якіх яшчэ не выветрыўся пах свежага рамонту, здзіўляюць нязвыклай цішынёй. Ужо хутка навучальная ўстанова завірыць сваім дынамічным жыццём, а пакуль вучняў няма, можна знаёміцца з Рыжскай беларускай асноўнай школай.
Выхаванцы беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” і актывісты таварыства “Уздым” з цікавасцю ў школьным музеі Я. Купалы слухалі захапляльнае апавяданне Г. Іванэ пра класіка беларускай літаратуры, яго вершы. Маленькі школьны музей аформлены з неверагоднай любоўю і ўтульнасцю. Са сцен глядзяць партрэты класікаў беларускай літаратуры, на сценах пад шклом выстаўлены дакументы, фатаграфіі, рэдкія выданні; на паліцах стаяць кнігі, прадстаўлены дзіцячыя малюнкі.
Актыўная размова педагога з вучнямі былі ўзнагароджана цікавымі наклейкамі і цукеркамі.
Далей усім было цікава паглядзець, у якіх класах вучацца дзеці Беларускай школы. Усё аказалася вельмі знаёмым: парты, інтэрактыўныя дошкі, падручнікі, стэнды з разнастайнай інфармацыяй. І толькі адно адрозненне – у кожным класе прысутнічалі беларускія матывы: арнаменты, дэкаратыўна-прыкладныя вырабы, карта, цытаты або кнігі, што паказвала на этнічную ідэнтычнасць.
У адным з класаў дзятва ўбачыла старадаўняе піяніна. Як распавяла Г. Іванэ, гэты музычны інструмент з'яўляецца сапраўдным артэфактам не толькі таму, што ён старадаўні, але яшчэ і таму, што ён належаў сям'і Сяргея Сахарава – педагога, фалькларыста, вядомага грамадскага дзеяча ў беларускім руху міжваеннага часу. Каця Кузьміч з дазволу сыграла на піяніна любімую мелодыю (на фота 1).
Школьную экскурсію завяршыў агульны здымак на фоне барэльефа Янкі Купалы і абмеркавання планаў на новыя сустрэчы.
На фота 2: Завуч Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ праводзіць экскурсію ў школьным музеі.
Міліцыянер Уладзімір Гамановіч
Далей вандроўнікі адправіліся ў Старую Рыгу. Ну як магчыма абыйсці гэта дзіўнае месца?! Зрабілі невялікі экскурс па Домскай плошчы, Домскім саборы, павесяліліся побач на пляцоўцы са скульптурамі. І завярнулі на старажытную вулачку – Краму, 3, дзе размяшчаецца Музей барыкад 1991 года. Аб'ект быў абраны не выпадкова, а з патрыятычнымі мэтамі, паколькі 30 гадоў таму адбыліся гістарычныя падзеі – кульмінацыя нацыянальнага абуджэння Латвіі і руху да аднаўлення дзяржаўнасці. У кожнага свая гісторыя барыкад, і ў гэтую гісторыю Латвійскай Рэспублікі ўпісана імя беларуса Уладзіміра Гамановіча, лейтэнанта міліцыі, які загінуў на пасту са зброяй у руках. Яго афіцэрскі кіцель з узнагародамі і фота размешчаны ў музейнай экспазіцыі (на фота 3).
Аб экскурсіі ў Музей барыкад 1991 года дамовіліся загадзя і былі прыемна здзіўлены, што экскурсаводам для групы беларусаў з Даўгаўпілса стаў легендарны Рамуальд Ражукс, у той час старшыня самай аўтарытэтнай арганізацыі “Народны Фронт Латвіі” і член камісіі нацыянальнай самаабароны.
Яго жывое і яркае апавяданне, як відавочцы і актыўнага ўдзельніка барыкад, уразіла юных экскурсантаў. Пераходы з залы ў залу суправаджаліся фактамі і экспанатамі. Пры гэтым дзеці ніяк не маглі паверыць, што 30 гадоў таму такія падзеі адбыліся без мабільных тэлефонаў, камп'ютараў і інтэрнэту. Таму з вялікай цікаўнасцю разглядалі рацыі і аўтамабільны радыётэлефон. Каля інсталяцыі вулічнага вогнішча і будаўнічай арматуры не маглі ўявіць, што гэта ўсё знаходзілася на вуліцах, дзе яны сёння бегалі. Дзетвары нават дазволілі папрацаваць на друкаванай машынцы і ўявіць, як на ёй друкавалі лістоўкі-заклікі або газетныя артыкулы. Перыядычныя выданні студзеня 1991 года можна было пагартаць на інтэрактыўным стэндзе, які таксама захоплена даследавалі ўдзельнікі квэста.
У дні барыкад загінулі шэсць чалавек, хтосьці ад шалёнай ці прыцэльнай кулі, два міліцыянеры – са зброяй у руках, абараняючы даручаны аб'ект пры яго штурме.
Прыціхлыя, задуменныя, з буклетамі ў руках, юныя даследчыкі пакідалі Музей барыкад 1991 года, адкрыўшы для сябе новыя звесткі і новае імя беларуса-героя.
На фота 4: Рамуальд Ражукс праводзіць экскурсію па Музеі барыкад 1991 года.
Мастак Вячка Цэлеш
Далей аўтобус падарожнікаў адправіўся па ўжо запоўненай аўтамабілямі пятнічнай сталіцы на другі бок Даўгавы, у Асацыяцыю нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі, што на вул. Слокас, 37. Менавіта там знаходзіцца адно з найстарэйшых беларускіх таварыстваў краіны – Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак”. Там гасцей з Даўгаўпілса чакаў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш – чалавек, які злучыў усе папярэднія аб'екты: першы дырэктар Рыжскай беларускай школы, удзельнік барыкад 1991 года, заснавальнік таварыства “Світанак” і Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”, член Саюзаў мастакоў Латвіі і Беларусі, кавалер Ордэна Трох Зорак. Увогуле, асоба легендарная. А таму строгі і прынцыповы: размаўляем толькі па-беларуску!
В. Целеш прадставіў кнігі, выдадзеныя ім у апошнія гады. І не проста расказаў, а падарыў па экзэмпляры ў беларускую бібліятэку ў Даўгаўпілсе. А кожнаму юнаму госцю падарыў паштоўкі, якія намаляваў і выпусціў да юбілейных падзей. Так спіс беларускіх імёнаў папоўнілі Сяргей Сахараў, Канстанцін Езавітаў, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў.
На фота 5: Мастак Вячаслаў Целеш знаёміць гасцей са сваёй новай кнігай, прысвечанай роднаму гораду ў Беларусі.
На фота 6: Паштоўка: карціна “Дзвіна – Даўгава – маці наша” (Янка Купала і Яніс Райніс) мастака Вячкі Целеша
Мастачка Аляксандра Бельцава
Вячка Целеш – аўтар нядаўна выдадзенай манаграфіі “Беларускія мастакі Латвіі, 1920-1990”. Гэта вялікая даследчая праца аб пяці мастаках з беларускімі каранямі, багата ілюстраваная фатаграфіямі і рэпрадукцыямі карцін, матэрыялы для якой Вячаслаў Міхайлавіч збіраў шмат гадоў. Адно з імёнаў у кнізе – Аляксандра Бельцава, таленавітая мастачка, графік. У Рызе адкрыты музей-кватэра А. Бельцавай і яе мужа мастака Рамана Суты. Гэты аб'ект удзельнікі квэста вывучылі па карце, а наведванне пакінулі на наступны раз, бо за адну паездку немагчыма паспець пабываць ва ўсіх цікавых месцах Рыгі!
Насычаная паездка завяршылася абменам самымі пазітыўнымі ўражаннямі і новымі адкрыццямі аб беларускай культуры па дарозе дадому.
Паездка ў сталіцу адбылася ў рамках праекта “Гістарычны квэст Беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”: знайдзі беларускія імёны ў Рызе!” пры суфінансаванні “Фонду падтрымкі недзяржаўных арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы”.
На фота 7-10: Імгненні вандроўкі
Жанна Раманоўская, фота аўтара
https://uzdim.lv/be/proekty/206-znajstsi-belaruskiya-imjony-na-kartse-rygi#sigProId2685627195