19 верасня 2020 года ў Даўгаўпілсе адбыўся II Фестываль беларускай аўтарскай песні, які арганізавалі Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” у супрацоўніцтве з Цэнтрам беларускай культуры па праекце, які падтрымала Даўгаўпілская гарадская дума.
Канцэрт II Фестывалю беларускай аўтарскай песні прайшоў у камернай зале Дома Адзінства.
“Год таму адбыўся першы фестываль, які аб'яднаў 12 бардаў, аўтараў і выканаўцаў з розных гарадоў Латвіі, Літвы і Беларусі з мэтай папулярызацыі сучаснай аўтарскай песні на штогадовай канцэртнай пляцоўцы ў Даўгаўпілсе. На жаль, у гэтым годзе пандэмія закрыла ўсе межы, затое дазволіла пабудаваць нам песенны бардаўскі мост Даўгаўпілс-Вентспілс”, – адзначыла ва ўступным слове Жанна Раманоўская, аўтар ідэі і праекта.
Арганізатары ўпэўненыя, што Фестываль беларускай аўтарскай песні стане традыцыяй. А што такое традыцыя? Гэта перадача духоўных каштоўнасцяў ад пакалення да пакалення, менавіта на іх заснавана культурнае жыццё. Таму па традыцыі фестываль адкрыла песня “Беларусь” мінскага барда Арона Крупа, ураджэнца Даўгаўпілса, які ўвайшоў у гісторыю як класік турыстычнай бардаўскай песні. Ён загінуў у 1971 годзе падчас альпінісцкага паходу ў Саяны літаральна праз два месяцы пасля таго, як была напісана гэтая песня. Стары магнітафонны запіс захаваў голас аўтара, які з любоўю спявае пра Беларусь.
Традыцыі нараджаюцца ў сустрэчным руху, і фестываль зноў віталі беларускія дыпламаты. Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць пажадаў культурнаму форуму поспеху і адзначыў, што бардаўская песня – гэта песня інтэлектуальная, інтэлігентная, песня з сэнсам.
Традыцыяй з'яўляецца і форма арганізацыі вялікай колькасці асоб у адзін агульны праект, што і адбылося яркім суботнім днём у Доме Адзінства. Гонар адкрыць канцэрт беларускай аўтарскай песні была прадастаўлена Кацярыне Варкалавай з Вентспілса, былой мінчанцы. Яна выканала пад гітару дзве свае песні на беларускай мове і адну на рускай.
Па ўмовах фестывалю, кожны яго ўдзельнік выконвае песні на свой выбар на любой мове, але адну абавязкова трэба праспяваць на беларускай.
Так, Віталій Міхайлоўскі выбраў “Калыханку для душы” на словы Леаніда Дранько-Майсюка, музыку Зміцера Вайцюшкевіча, Андрэй Парневіч – “Рабіны” (Станіслаў Валодзька, Дзмітрый Пятроў), Таццяна Саксаганская – верш Максіма Багдановіча “За дахамі месца памеркла нябёс пазалота”, Аляксандр Мірвіс – “Успамін пра Браслаўскія азёры” Барыса Вайханскага ў перакладзе Георгія Ліхтаровіча, Марыя Гербрэдэрэ – “Бялявая, чарнявая” з рэпертуару легендарных “Песняроў”, Юрый Саксаганскі – «Шалёная» Віктара Шалкевіча.
Беларускія песні чаргаваліся з бардаўскімі і аўтарскімі на рускай мове, у тым ліку Арона Крупа, Алега Міцяева, Іосіфа Бродскага, Алены Рэшатняк, Сяргея Матвеенкі. Наталля Леанчук вынесла на суд гледачоў свае новыя песні, а Лілія Воранава прысвяціла фестывалю беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе свой верш.
Фестывальныя выступленні закрыла таксама “Беларусь” А.Крупа, але ўжо на беларускай мове ў перакладзе С.Валодзькі, якую выканаў творчы дуэт Алены Віткевіч і Валерыя Ермаченкі.
Па традыцыі ў фінале арганізатары ўручылі ўдзельнікам фестывалю дыпломы, сувеніры і кветкі лілей – сімвала Даўгаўпілса, а таксама зрабілі агульнае фота на памяць. Усе фестывальныя матэрыялы будуць размешчаны ў спецыяльным выпуску газеты “Уздым”.
Рух філасофскай бардаўскай песні актыўна развіваецца, і Даўгаўпілс сваім фестывалем унёс у яго свой асаблівы, беларускі акцэнт на латвійскай зямлі, які даставіў гледачам “асалоду для душы”. Пра гэта казала сузаснавальнік беларускага таварыства “Уздым” Яўгенія Вячаславаўна Гуляева, калі віншала аўтараў і выканаўцаў.
Ансамбль “Таццянін дзень” з Вентспілса, які з вялікім задавальненнем праехаў 500 км да Даўгаўпілса, каб выступіць на фестывалі беларускай аўтарскай песні, артыстычна праспяваў “Змагаемся з дэпрэсіяй” Цімура Шаовы, тым самым паставіў аптымістычную, эфектную кропку ў канцэрце.
На наступны дзень госці зрабілі экскурсію па горадзе і азнаёміліся з экспазіцыямі цэнтра М.Роткі. Дэлегацыя з Вентспілса валодае багатым вопытам арганізацыі бардаўскіх злётаў, іх штогадовы студзеньскі фестываль “Таццянін дзень” прайшоў ужо 18 разоў, будзе карысна яго наведаць.
У арганізатараў фестывалю беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе ўжо ёсць новыя ідэі і планы з нагоды наступнага, таму конкурс на яго назву працягваецца, чакаем варыянты.
Праект “II Фестываль беларускай аўтарскай песні” здзейснены пры садзейнічанні Фонду падтрымкі недзяржаўных арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы.
Таварыства “Уздым” дзякуе за плённае супрацоўніцтва Цэнтру беларускай культуры, Дому Адзінства, Арт-цэнтру імя Марка Роткі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская
Фота: Ж.Раманоўская, Марыя Памецька
https://uzdim.lv/be/proekty/127-belarusy-pabudavali-pesenny-most-da-ga-pils-ventspils#sigProIda4975eb953