30 красавіка 2019 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся творчы вечар дуэта Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча са Славянскага таварыства “Узоры” горада Ліваны, арганізаваны беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым”.
На вечары прагучала шмат народных і аўтарскіх песен у іх выкананні на беларускай, рускай, украінскай і латышскай мовах.
Прысутныя даведаліся, што Лідзія Знотыня нарадзілася на Украіне, а Яўген Пашкевіч – у Краславе. Жыццёвыя дарогі звялі іх у Ліванах, дзе на працягу многіх гадоў яны прымаюць актыўны ўдзел у рабоце Славянскага таварыства “Узоры”. Лідзія з’яўляецца старшынёй гэтай грамадскай арганізацыі, якая ўваходзіць у склад Саюза беларусаў Латвіі. Іх галасы арганічна і прыгожа ўліваюцца ў спевы аднайменнага ансамбля “Узоры”, якім кіруе Яніна Юзэфовіч.
Лідзія і Яўген пачулі нямала цёплых, сардэчных слоў у свой адрас. З кветкамі і падарункамі іх віталі кіраўніца ЦБК і старшыня таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская, консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч, консул-дарадца Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Даўгаўпілсе Наталля Пуставойтава, прадстаўнікі ўкраінскага таварыства “Мрія” Уладзімір Кірдан і Рускай пісьменніцкай арганізацыі Яўціхій Канаплёў і Людміла Вілюма, а таксама ўдзельнікі даўгаўпілскага ансамбля “Спадчына”. Я прачытаў свой верш, прысвечаны ўдзельнікам ліванскага ансамбля “Узоры” і выказаў падзяку за супрацоўніцтва, – у выкананні Яўгена Пашкевіча тут прагучалі песні на мае словы: “Пaлын і медуніца”, “У твой дзень народзін” і “Прызнанне” кампазітараў Эдуарда Вартанава, Альберта Белуся і Віктара Антонава. А Лідзія Знотыня прымала яшчэ і віншаванні з днём нараджэння, які якраз прыйшоўся на гэты дзень.
“Нашу творчую сустрэчу я назвала “З песняй па водаваротах лёсу”. Лёс у кожнага чалавека свой: які жыццёвы шлях мы выбіраем і па якім ідзём, у многім залежыць ад нас. Мы – мастакі свайго лёсу…” – слушна казала Лідзія Знотыня.
Пасля завяршэння канцэрта госці і арганізатары імпрэзы дапазна вялі размову аб далейшым супрацоўніцтве і разам спявалі прыгожыя песні.
Станіслаў Валодзька
УДЗЕЛЬНІКАМ АНСАМБЛЯ “УЗОРЫ” Ў ЛІВАНАХ
Глядзяць замілавана сонца й зоры
Як тут шчыруе ваш ансамбль “Узоры”,
Як гожа песні родныя спявае –
Ўспаміны аб радзіме навявае.
І бачацца, было нібыта ўчора,
На вокнах хаты ледзяныя ўзоры,
Якія дзецьмі мы разглядваць рады
Ў чаканні: вось ідуць да нас Каляды!
І рознаквецце траўнае Купалля
На рушніках, што нашы мамы ткалі.
Якія там прыгожыя узоры!
Хто чулы – шмат аб чым яны гавораць…
Як птацтва, што вясной спявае хорам –
Супольнасць ваша можа быць узорам:
Як трэба людзям жыць у добрай згодзе –
Вясёлку і ў пахмурны дзень знаходзіць…
