У кожнага свая роля ў жыцці і нам трэба зрабіць так, каб свет стаў лепшым і дабрэйшым. Чалавецтва мае патрэбу ў кожным з нас. А наша таварыства ганарыцца сваімі людзьмі і расказвае пра іх.Са снежня 2023 года кожны месяц Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” ладзіць мерапрыемствы ў рамках праекта “На лукавіне Даўгавы”, прысвечаныя людзям, якія ўнеслі свой уклад у развіццё арганізацыі.
20 красавіка на сваю творчую вечарыну нас запрасіла таленавітая жанчына, сябра таварыства “Уздым” Зінаіда Іванаўна Сіліня.
Талент чалавека. У чым ён заключаецца? Пісаць вершы, раманы? Ці маляваць карціны? Складаць музыку ці спяваць? Талент - выдатныя прыродныя здольнасці чалавека, якія праяўляюцца ў сферы яго дзейнасці. А быць чалавекам добрым, чулым, гасцінным – гэта, напэўна, таксама талент.
Падчас сустрэчы мы знаёміліся з жыццёвым і прафесійным шляхам Зінаіды. Нарадзілася яна ў невялікай весцы Вётхава, што ў Гродзенскай вобласці Беларусі. “У сям’і ўсе добра спявалі. Любоў да народнай песні прыйшла ад бабулі, матулі і цётак, якія добра спявалі на польскай, беларускай, украінскай і рускай мовах. Адзначалі традыцыйныя святы, на якія збіралася вялікая і дружная наша сям’я. Было шумна и весела”, - успамінае Зінаіда.
З сярэбраным медалём скончыла школу и марыла быць артысткай, паступіць вучыцца ў інстытут культуры. Але бацька сабраў дакументы і адправіў дачку на ўступныя экзамены ў медыцынскі інстытут у Віцебск. Яна павінна была выканаць волю бацькі. Радавалася, калі на выдатна здала экзамены. І потым ніколі не крыўдзілася на бацьку за яго рашэнне.
Скончыўшы інстытут, па рэшэнню мужа паехалі працаваць ў Браслаўскую раённую бальніцу. Зінаіда прадоўжыла вучобу і атрымала спецыяльнасць урача - рэнтгенолага. І гэта быў новы этап у жыцці.
Актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Калектыў лекараў бальніцы прымаў удзелы ў розных мерапрыемствах і святах горада. Самым памятным быў удзел у вялікім свяце “Браслаўскія зарніцы”, дзе калектыў адзначылі і запрасілі на Віцебскае тэлебачанне.
Так склаўся лёс, што маладая сям’я пераехала ў Даўгаўпілс. Шмат часу працавала Зінаіда Іванаўна ў чыгуначнай бальніцы, а потым у гарадской паліклініцы. Сваімі ведамі і вопытам дапамагла вялікай колькасці пацыентаў.
Зінаіда Іванаўна стаяла ля вытокаў стварэння Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» і ўвайшла ў лік яго 11 заснавальнікаў. Нядзіўна, што пры ўсёй сваёй занятасці яна знаходзіла час і актыўна ўдзельнічала і зараз прымае ўдзел у мастацкай самадзейнасці, з’яўляецца членам праўлення таварыства.
Чаму не дзіўна? Ды таму, што не вельмі ўседзіш у чатырох сценах, валодаючы такім чароўным голасам і добрай душой! Разам з гераіняй свята госці гартавалі старонкі гісторыі “Уздыма”. Гучалі ўспаміны сяброў (В. Паўловіч, С. Валодзькі) і песні, якія спявала сама Зінаіда, дуэт з Ліван – Лідзія Знотыня і Яўген Пашкевіч, кіраўніца гурта “Натхненне” Яніна Юзэфовіч. Разам з імі спявалі і прысутныя.
Зінаіда Іванаўна прычытала некалькі сваіх вершаў. Віншавальны верш, прысвечаны малой Радзіме Зінаіды, падараваў ёй Станіслаў Валодзька.
Цёплыя словы падзякі з нагоды юбілею і творчай вечарыны прагучалі ад старшыні таварыства “Уздым” Ліліі Воранавай і гасцей. Напэўна, жыццё атрымалася! Трэба было прайсці шэраг выпрабаванняў, каб зараз адчуваць сябе шчаслівай жанчынай і з усмешкай казаць: “Я каханая і кахаю, бо побач надзейнае плячо майго каханага мужа Айвара”. На твары Зінаіды заўсёды ззяе добрая і ветлівая ўсмешка. З ёй яна пачынае кожны дзень і заканчвае яго.
Людміла Сінякова
член праўлення таварыства “Уздым”,
вядучая сустрэчы
https://uzdim.lv/be/home/news/314-stsezhki-majgo-zhytstsya#sigProId74fad2be1c
