Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

   Традыцыя адзначаць «Дзяды» з’явілася ў беларусаў вельмі даўно. Жаданне памінаць сваіх продкаў захавалася і перадаецца з глыбокай старажытнасці. «Дзяды» прысвечаны ўшанаванню памяці продкаў.

    Само слова «дзяды» азначае «продкі». Калі чалавек у сям’і паміраў, праз некаторы час ён ператвараўся ў продка — незалежна ад узросту ці полу. Лічылася, што продкі — гэта частка сям’і. Таму, калі адзначалі вялікія святы трэба было абавязкова ўшанаваць і памятаць памерлых.

   «Дзяды» лічыцца самым вялікім святам. Адзначаюць гэтае свята адзін раз у сезон. Зімовыя — перад Масленіцай, вясновыя — перад Вялікаднем (Радаўніца), летнія — перад Сёмухай, восеньскія (Змітраўскія) — галоўныя, бо адбываюцца, калі мяжа паміж светам жывых і памерлых найбольш тонкая.

   Вось восеньскія «Дзяды» мы і адзначаем штогод у нашай школе “Вясёлка”. Сёлета запрасілі на занятак «Дзень чыстага святла» і дарослых.

   Вядучыя мерапрыемства прадставілі невялікую пастаноўку, у якой яны выканалі ролі: унук (Кірыл) і бабуля (настаўніца Людміла). Яны вялі размову пра традыцыі свята.

   Існавала асаблівая рытуальнасць, якая пачыналася з самай раніцы і скончвалася амаль ноччу. На самыя Дзяды з раніцы маглі пайсці ці ў царкву, ці ў касцёл, узяць з сабой стравы — напрыклад, мёд, кашу, куццю. Гэта ўсё свянцілі, пісалі запіскі за памерлых аб малітве.

   Прыбіралі хату і гаспадарчыя пабудовы. Перад тым, як сесці за стол, трэба было ачысціцца не толькі душой, але і целам. Таму тапілі лазню і ішлі ў яе, а пасля пакідалі лазню таксама для продкаў, каб яны таксама памыліся. Усе лазневыя прыналежнасці павінны былі быць новыя, асабліва венік.

   Пасля лазні адбывалася вячэра, на якую запрашалі продкаў пэўнымі словамі, замовамі: «Святыя дзяды, просім вас. Хадзіце, ляціце да нас. Есці і піць, што Бог даў».

   Абыходзілі ўсю хату — заходзілі ў сені, адчынялі вокны, юшку ў печы, дзверы, бо лічылася, што продкі могуць праз нейкія пэўныя адтуліны пранікнуць у хату.

  Стол павінен быць шчодры і багаты. Таму і казалі: «яды, як на Дзяды», «на стале, як на Дзяды», «наесціся, як на Дзяды». Пакуль ішла вячэра, неабходна было пакідаць усё адкрытым, каб дзяды маглі туды-сюды лётаць. Падчас вячэры нельга было крычаць і неяк моцна сябе праяўляць, трэба было спакойна размаўляць, узгадваць гісторыі з жыцця памерлых.

  Пасля вячэры ладзілі розныя гульні ўнутры хаты, каб пабавіць продкаў, каб яны сышлі ўзрадаванымі, стварыць для іх свята. А потым трэба было правесці продкаў. Рабілася гэта пры дапамозе пэўных замоў. Пасля гэтага ўсё скончвалася — толькі на стале пакідалі ежу на ноч для памерлых.

  Пасля тэатралізаванага паказу дзеці і дарослыя адказвалі на пытанні вядучай, спявалі і ўсе разам гулялі ў настольныя гульні, пілі гарбату і частаваліся прысмакамі. Для дарослых было асобнае заданне на веданне беларускай мовы. Напрыклад, хто такіе бацькі і бацькі? Як клічуць сястру мужа ці брата жонкі? А хто такіе продкі, нашчадкі і дзяды?

  Разам нам было добра, спакойна і радасна.

Людміла Сінякова

куратар беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”