Вось ужо і VII Міжнародны фестываль “Восеньскія зоры” адгучаў у Даўгаўпілсе 20 верасня.
Арганізатарам фестывалю з’яўляецца Беларускае культурна – асветніцкае таварыства “Уздым”. Ён праходзіў у рамках Дзён беларускай культуры, якія штогод аб’яўляе Саюз беларусаў Латвіі. Святы, прысвечаныя беларускай культуры, ладзяцца па ўсёй краіне.
Для таварыства “Уздым” гэты фестываль вельмі значнае мерапрыемства. Асноўная ідэя – пазнаёміць жыхароў горада з беларускай культурай, папулярызаваць нацыянальную культуру, умацоўваць узаемаадносіны паміж людзьмі розных нацыянальнасцей, садзейнічаць творчаму росту прафесійнага майстэрства выканаўцаў і калектываў, а таксама расказаць аб дзейнасці таварыства.
Дзякуючы такім мерапрыемствам культура становіцца больш знаёмай і даступнай шырэйшай аўдыторыі. Яны залучаюць людзей прымаць актыўны удзел у культурных справах, пашыраюць кругагляд.
Аб сваім жаданні выступіць на нашым фестывалі, які ўжо добра вядомы за межамі краіны, заявілі выканаўцы з Літвы і розных гарадоў Латвіі. Фестываль прадоўжыў свае традыцыі – знаёміць гараджан з новымі таленавітымі выканаўцамі. Галоўная ўмова – адна з песен абавязкова павінна прагучаць на беларускай мове.
Пачаўся фестываль вершам Ліліі Воранавай “Наш фестываль”, які чытала Людміла Сінякова. Свой верш прачытаў паэт, сябра таварыства “Уздым” Павел Плотнікаў.
Упершыню прымалі ўдзел: настаўніца музыкі з Вільнюса – Валянціна Кавальчук; маладая спявачка з нашага гораду – Ірына Абрамава; аўтар слоў і кампазітар з Ліепаі – Анастасія Бойко; нашы сябры, інтэрнацыянальны дуэт “Medusraisis” з мястэчка Ілукстэ – Майя Рушманэ і Петэрыс Макавецкій. Песня “Завіруха” на словы Станіслава Валодзькі ў іх выкананні прынесла асалоду слухачам. Выдатнага чалавека і спявака Сяргея Піменава добра ведаюць у нашым горадзе. А фестываль пазнаёміў нас з яго сынам Аляксеем Піменавам, які цудоўна спяваў беларускую народную песню “Купалінка”. Выступленне выканаўца, родны горад якога Баку (Азербайджан) вельмі здзівіла гледачоў. Чынгіз Ахундава, выконваючы галоўную ўмову фестывалю, вельмі добра спяваў на беларускай мове “Вы шуміце бярозы”. Ну, а калі ён заспяваў на роднай мове, цяжка было сядзець і не танчыць. Зала дзякавала яго гучнымі апладысментамі і крыкамі "брава". Цёпла прынімалі члена інвалідна – спартыўнага таварыства “Solis Plus” Анжэлу Лаханаву, якая таксама ўпершыню спявала на беларускай мове і вельмі нервавалася.
Запомніцца надоўга новы дуэт, які стварыўся перад самым фестывалем. Цудоўна гучалі песні ў выкананні салісткі калектыва “Надзея” (г.Рыга, таварыства “Прамень”) Людмілы Сінкевіч і сябра таварыства “Уздым” спявака Рыгора Старавойтава.
Таварыства “Уздым” ганарыцца сваімі таленавітымі людзьмі. Добра ведаюць Рыгора, бо ён піша вершы і музыку да сваіх песен. На фестывалі гучала ў яго выкананні песня “Спускаецца над возерам заход” у перакладзе з рускай мовы Ліліі Воранавай. А Жанна Слядзеўская? Яна актыўны ўдзельнік імпрэз таварыства. Цудоўна спявала на беларускай і французскай мовах. Гучны голас спявака Аляксандра Лапы падняў настрой гледачоў.
Не першы год прымаюць удзел і іх выкананне вельмі падабаецца слухачам – Анастасія Кізірнэ, Алена і Аляксандр Усцінавы (г.Ліваны).
У гэтым годзе было вырашана запрасіць ансамблі. Удзельнічалі ўпершыню творчыя калектывы: “Узоры” (г. Ліваны, славянскае таварыства “Узоры”) і “Завіруха” (г. Екабпілс, беларускае таварыства “Спатканне”). Кожны калектыў мае свой непаўторны характар.
Завяршыўся фестываль выступленнем гурта “Натхненне” (г. Даўгаўпілс, беларускае таварыства “Уздым”), які з’яўляецца прызёрам шматлікіх фестываляў, выступае на пляцоўках горада і раёна, жаданы госць на святах у інвалідных таварыствах і пансіянатах.
Песня на словы Станіслава Валодзькі “Наш фестываль” перагарнула новую старонку ў гісторыі нашага фестываля. А кожны выканаўца атрымаў дыплом і падарунак ад Беларускага культурна – асветніцкага таварыства “Уздым”.
Словы падзякі вядучым свята –Ліліі Воранавай і Дануце Абрамовіч, тым, хто займаўся афармленнем залы – Валянціне Ліпінскай і Леангіне Муйжніецэ, гаспадыням святочнага прыёму – Вользе Паўловіч, Зінаідзе Сіліне, Таццяне Рудэнка, Таццяне Аляксеевай, Рэгіне Высоцкай, арганізатару - Людміле Сіняковай.
Мы вельмі ўдзячны за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства супрацоўнікам Палаца культуры г. Даўгаўпілса.
Няхай наша зямля квітнее, становіцца яшчэ прыгажэй і багацей!
Людміла Сінякова
Намеснік старшыні таварыства “Уздым”
https://uzdim.lv/be/home/news/304-nash-festyval#sigProId6c346e2634
