Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

   У гэтым годзе дні паэзіі праходзяць пад знакам некалькіх юбілеяў: трыццаць пятае выданне зборніка вершаў мясцовых паэтаў “Dzejas dienas”, 750 гадоў Даўгаўпілсу, 160 гадоў з дня нараджэння Яніса Райніса, 150 гадоў з моманту адкрыцця Грыўскай нямецкай школы, дзе Райніс вучыўся з 1875 па 1879 год, і першая гадавіна Цэнтра Райніса, які знаходзіцца ў гэтай школе, закрытай у мінулым годзе.

"Дзень паэзіі" ў Доме-музеі Яніса Райніса ў Беркенэлі - гэта штогадовае мерапрыемства, прысвечанае паэзіі і творчасці, якое праводзіцца ў пачатку верасня падчас дня нараджэння паэта.

Сёлета свята «Райніс кліча - прыходзь!» («Rainis māj – Atnāc!»)  адбылося 13 верасня. Дом – музей гасцінна і сардэчна, цёпла і прыязна сустракаў гасцей. Тут сабралася шмат паклоннікаў творчасці вялікага і знакамітага паэта Латвіі. Прысутныя чыталі вершы, глядзелі тэатралізаваную пастаноўку, атрымлівалі асалоду ад песен пад гітару, пілі гарбату з мясцовых траў. Дзеці з супрацоўнікамі музея працавалі над падрыхтоўкай цікавых падзелак з мясцовых прыродных матэрыялаў.
 
   Абстаноўка музея дала магчымасць перанесціся, пагрузіцца ў атмасферу  і пабываць у мінулай эпосе, успомніць і адчуць моманты жыцця Яніса Райніса.
 
    Беларускае культурна – асветніцкае таварыства “Уздым” атрымала асабістае запрашэнне на свята. Нас аб'ядноўвае сяброўства двух вялікіх паэтаў – Яніса Райніса і Янкі Купалы. А што  аб'ядноўвала паэтаў? Гэта - любоў да сваіх народаў, цікавасць да гісторыі, фальклору, эпасу, намер захоўваць і развіваць нацыянальную свядомасць. Я. Райніс не раз знаходзіўся ў гасцях у беларускага калегі, сустракаўся ў ягоным жыллі з маладымі беларускімі паэтамі.
 
   Таварыства “Уздым” і Дом – музей Я.Райніса звязвае шматгадовае сяброўства. На працягу некалькіх гадоў таварыства ладзіць свята “Купалле” на тэрыторыі музея. Член праўлення таварыства “Уздым” Мікалай Паўловіч атрымаў падзяку за шматгадовае супрацоўніцтва і дапамогу музею ад калектыва Дома - музея Я.Райніса. Ён перадаў музею шмат сабраных матэрыялаў і артэфактаў, быў запрошаны на мерапрыемствы. Для вучняў беларускай нядзельнай школы ў мінулым навучальным годзе была арганізавана экскурсія і ўрок прыкладнога майстэрства ў Доме – музеі.
 
 
 Людміла Сінякова
намеснік старшыні таварыства “Уздым”