31 ліпеня адбылася творчая вечарына Таццяны Піменавай, члена беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым". Сустрэча праходзіла ў Палацы культуры Даўгаўпілса пад назвай "Музыка ў маім жыцці".
Таццяна - спявачка, музыка, аўтар музыкі шэрагу песень. У свой час яна была кіраўніком вакальнага калектыву "Купалінка" і трыа "Ластаўкі" беларускага культурна - асветніцкага таварыства "Уздым".
Падчас канцэрта ў яе выкананні прагучалі песні на беларускай, рускай і італьянскай мовах, у тым ліку - на ўласныя словы і музыку: "Добры дзень, Індра!" і "У летнім Даўгаўпілсе". Таццяна агучыла свой верш "Дзень варэння", а вядучая вечарыны Валянціна Ліпінская прачытала з буклета "На лукавіне Даўгавы" яе верш "Зелле ад хваробы".
Таццяна Піменава сольна і разам з Таццянай Зубковай выканала песні з рэпертуару трыо "Ластаўкі" на словы Станіслава Валодзька: "Мой косю" (музыка Анатоля Мядзведзева"), "Зязюля" (музыка Аляксандра Рудзя), "Ракуцёўскае лета", "Астравак Таццяны Піменавай).
Станіслаў Валодзька, успамінаючы плённае супрацоўніцтва з трыа "Ластаўкі", прачытаў свой верш, прысвечаны Таццяне, "Ластаўка Латгаліі".
На вечарыне прысутнічала оперная спявачка Вера Талерка, былая ўдзельніца трыа "Ластаўкі", і нават далучылася да спеваў адной з песень. 2 ліпеня Вера прымае ўдзел у канцэрце оперных арый у Доме адзінства.
На заканчэнне сустрэчы Таццяна прымала віншаванні, кветкі і падарункі ад удзячных членаў "Уздыма", удзельніц ансамбля "Купалінка" і калег па працы.
Будзем спадзявацца, што трыа "Ластаўкі" пасля працяглага перапынку адновяць сваю працу.
https://uzdim.lv/be/home/news/295-vecar-taccjani-pimenavaj#sigProId46321fe078
