Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

   Таварыства “Уздым” багата талентамі,  таму ёсць людзі,  пра катарых хочацца  расказваць і знаёміцца з іх талентамі. Цыкл   сустрэч па праекту “На лукавіне Даўгавы” працягваецца.

   20 чэрвеня утульная гасцёўня адчыніла  дзверы для нашай  сяброўкі з г. Екабпілс Іны Янсанэ. Па добрай традыцыі вядучая творчых сустрэч Валянціна Ліпінская запрасіла госцю запаліць свечку – сімвал солнца, светла і цеплыні.

   Старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава прадставіла удзельнікам  сустрэчы кіраўніцу таварыства “Спатканне”, члена таварыства “Уздым” Іну Янсанэ. Разам з Інай да нас у госці завіталі яе муж Івар і дачка Эвеліна, ўдзельніцы творчага калектыву “Завіруха” Ірына Уварава - Гравітэ і Юліана Васільева. Лілія расказала пра сваё знаёмства з Інай, якое адбылося некалькі гадоў таму ў Цэнтры беларускай культуры, калі яна разам са сваімі сяброўкамі спявалі ўтрох песню “Ангелы”. Два гады Лілія запрашала яе ў госці. Але Іна казала, што няма чаго паказваць. А зараз сабралась і прыехала.

   Іна працуе на чыгунцы, разам з мужам  выхоўвае трох дзяцей. Добрая гаспадыня і сяброўка. У яе шмат  захапленняў. Пра яе кажуць: майстрыха на ўсе рукі. Сёлета скончыла Рыжскі Дзяржаўны тэхнікум. Выдатна сдала экзамены і атрымала дыплом па спецыяльнасці – машыніст цягніка. З 2020 году Іна старшыня таварыства “Спатканне”. Змяніла на гэтай пасадзе Валянціну Дарашчонак, добравядомую ў беларускім асяродзе ў Латвіі. Пад кіраўніцтвам Валянціны яна пачынала сваю дзейнасць у арганізацыі.

   Нарадзілася Іна ў Латвіі. Яе бацька з Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, Беларусь. Шмат часу яна правяла  на вёсцы. Назірала за суседскімі бабулькамі, калі тыя гаспадарылі па хаце,  даглядалі жывёл, выціралі пот з ілба сваім фартухам. Родная бабуля памерла рана. Але, як казаў бацька, яна прыгожа вышывала.

   Калі дзяўчынцы было 8 гадоў, цётачка Глаша (так цёпла Іна называе сваю сваячку) ўзяла яе ў вучаніцы. Цётка вельмі добра вышывала крыжыкам. Нічога добрага ў дзяўчынцы не атрымалася і цётка адмовілася яе вучыць.

   “Мая мама умела шмат што рабіць. Прыгожа  вязала. Я назірала, як яна гэта робіць.  Хавалася, каб мяне ніхто не бачыў і сама асвойвала навыкі. Так навучылася вязаць кручком і спіцамі. Суседка цётка Валя рабіла  прыгожыя вышыўкі і  мяне навучыла. З 12 гадоў цікавілася ўзорамі. Суседка паказала мне латышскія. А зараз – інтарэс да беларускіх узораў”, - так расказвала Іна пра сваё дзяцінства. Калі вучылася ў школе, на ўроках працы дзяўчаткі рабілі маленькіе работы, а Іна такіе, каб потым самой насіць. Вышыла першую падушачку, паказала цётке. “Памылілася я ў табе”,- сказала яна. Прымала Іна ўдзел у школьнай самадзейнасці, была актывісткай.

   У 2014 году сяброўка Іны Вольга Прановіч запрасіла яе ў калектыў “Завіруха”. Прыйшла, убачыла, што ва ўсіх ёсць касцюмы. Праз месяц прыйшла ў сваім касцюме. У калектыве убачылі, што ўмея рабіць Іна. У 2015 годзе Валянціна Дарашчонак прапанавала вышіць ручнік “Завіруха” на фестываль “Славянскі базар”, які потым стаў візітнай карткай калектыву.

   Падчас нашай сустрэчы Іна прывезла с сабой сваю выставу. І гэта была няпроста выстава, пра кожны свой выраб Іна расказвала гісторыі. Тут былі: вязаныя сурвэткі, шалі і сукенкі; вышытыя карціны і ручнікі, лялькі – абярэгі. Зрабіла ляльку “Крупенічка”, зараз яна знаходзіцца ў таварыстве “Спатканне”. Біблятэка г. Екабпілс запрашае Іну на майстар – класы для дзяцей па вырабе лялек - абярэгаў. Апошнее захапленне – прыбіраць лялек, шыть уборы не на швейнай машынцы, а ўручную. На выставе былі дзве лялькі ў прыгожых адзеннях.

   Папрасілі пашыць галаўныя ўборы для латышскага калектыву. І яны вельмі  добрыя атрымаліся. Для дачушкі на выпускны ў дзіцячы сад звязала сукенку. Знайшла ў мамы ружовыя ніткі, бо дачце вельмі хацелася ружовае, і атрымалася прыгожая сукенка. Вязала парасоны, но не воднага няма – дарыла і прадавала. І на выставе іх не было.

   Мама заўсёды хадзіла ў сваіх вязаных рэчах, таму і Іне захацелася зрабіць нешта для сябе. Звязала сукенку і туніку, але ніводнага разу не надзела. Ангелы вязаныя – асаблівае захапленне. Зараз яны ўпрыгожваюць дома ёлку на Новы год. Спрабавала плесці макрамэ. Але  вышыўка падабаецца больш.

   “Вельмі падабаецца вышіваць. Кожны дзень павінна вышыць хаця б некалькі крыжыкаў, каб адчуваць сябе добра і спакойна”, - смяецца Іна расказвае пра сябе. Спецыяльна, каб навучыцца лепш вышываць, пайшла вучыцца на курсы. Далі заданне вышыць маленькую карцінку, вышыла вялікую і зрабіла сумку, чым здзівіла выкладчыцу курсаў. Асвоіла японскую вышыўку і вышыла куртку. І зноў зрабіла не так, як казалі. На курсах навучылася вышываць роўняддзю. Атрымала дыплом аб адукацыі.

   Цікавым атрымаўся расказ пра вышыванне на жаданне. На першы крыжык загадваеш  жаданне і трэба яго ўшыць. Так атрымалася ў Іны карціна “Анюціны вочкі”.

   Навучылася ткаць паясы. Ездзіла ў Браслаў. Навучылася плясці паясы, калі была на VII Міжнародным фестывалі беларусаў свету. Займалася декупажам. І тут мы пачулі гісторыю пра сяброўства з украінскім таварыствам.  Рабіла карціны з саломы. Паспрабавала нарыхтоўваць сама салому. І зноў Іна смяецца: правалілася ў балота.

   Адказы на свае пытанні Іна шукае ў музеях. “Свою блузку вышыла клімавіцкім строем. Знайшла ўзор і па фотаздымку вышывала. На свяце песні кітаец хацеў купіць яе за 1000 еўра. Не, не прадала”, - вось такая праўда ад Іны Янсанэ.

   А далей пашла размова пра намітку – яркую адметную асаблівасць жаночага беларускага касцюма, галаўны ўбор ручніковага тыпу, які насілі да 20-30 –х гадоў ХХ ст. Уяўляе  сабой палатно шырынёй да 45 см, а даўжынёй да 5 м.  Намітку насілі замужнія жанчыны зрэлага ўзросту. Рабілі прычоска, каб схаваць касу, апраналі каптур. І толькі потым навівалі намітку. Спосабаў павязвання намітак шмат і яны разнастайныя. Намітку можно было насіць як шапку, не развязваючы, здымаць і зноў апранаць. Іна паказала, як яна сама навівае намітку. Гэта зачароўвае.

   Удзельнікі калектыву “Завіруха” падчас нашай сустрэчы спявалі народныя песні. Лілія Воранава прачытала свой верш, прысвяціўшы яго вачам Іны. Станіслаў Валодзька віншаваў гасцей з творчай сустрэчай і прачытаў верш “Маім сябрам”. Нагадаў, што ведае калектыў з  самага  пачатку яго дзейнасці, і рад таму, што ў канцэртных праграмах “Завірухі” знаходзіцца месца і яго аўтарскім песням.

   Заканчваючы сустрэчу, вядучая Валянціна Ліпінская правяла бліц-апрос Іны Янсанэ. Вось, што яна адказала: любімае захапленне – вышыўка, на замову раблю вельмі рэдка, вышываць падабаецца ніткамі – кітайскае мулінэ, цікавы выпадак здарыўся падчас стажыроўцы ў Мінску (смяецца).

   Іна атрымала дыплом за арганізаваную выставу, якая прайшла ў рамках Дзён беларускай культуры, ад старшыні таварыства “Уздым” Л. Воранавай і пажаданне новых творчых поспехаў. У сваю чаргу, Іна падарыла “Уздыму” на памяць ляльку – абярэг і запрасіла творчыя калектывы таварыства “Уздым” на чарговы фестываль “Бульба”, які адбудзецца ў жніўні. 

Чакаем новых сустрэч  у нашай гасцёўні!

Людміла Сінякова

намеснік старшыні таварыства “Уздым”

 

фота здымкі Дыяны Індрэлэ

сябра беларускага таварыства “Уздым”