Месяц травень вельмі багат на святы: Дзень працы і свята 9 мая, свята матуль і Дзень тэатра. 11 траўня прадоўжыліся дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, арганізаваныя таварыствам "Уздым". Ужо стаўшую традыцыйнай імпрэзу “Лявон і Лявоніха” прысвяцілі вясне, жанчынам і тэатру.
Тут адбыўся паказ пачатковых з'яў п'есы "Прымакі" класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы тэатральным гуртом "Чароўны куфэрак" у складзе Людмілы Сіняковай (рэжысёр і артыстка), Вольгі і Мікалая Паўловічаў, Таццяны Рудэнка, Рэгіны Высоцкай, Таццяны Аляксеевай і Віктара Бучэль.
Удзельнікі тэатральнага гурта арганізавалі і правялі для гасцей свята жартоўныя гульні. Л. Сінякова прачытала верш Ліліі Воранавай “Лявон і Лявоніха”. Падтрымоўваючы вясёлую атмасферу, С. Валодзька прачытаў перыфраз папулярнай песні "Чарка на пасашок", а Таццяна Аляксеева свой верш пра жанчын. Самая старэйшая госця імпрэзы Яўгенія Спрыдзанэ прачытала жартоўны верш, здзівіўшы прысутных сваім пачуццём гумару.
За святочным сталом усе разам спявалі беларускія народныя песні. Саліст Рыгор Старавойтаў выканаў песні на словы Станіслава Валодзькі "Лявон і Лявоніха" (музыка Альберта Белуся), "Мутулін пірог" і "Древний Даугавпилс мой" (музыка Генрыха Галіцкага).
ПЕСНЯ НА ПАСАШОК
Дзе ні едзем, дзе ні йдзём,
Мы карчму мінаем.
І на працы мы не п’ём,
І калі гуляем.
Чарка на пасашок -
Не для нас той кажушок,
А тым больш чарговая
Чарка аглаблёвая!
Не хмурэе будзень наш
І ярчэе свята,
Бо гарэлкі ўжо здаўна
Ў нас не бачыць хата.
Чарка на пасашок -
Не для нас той кажушок,
А тым больш чарговая
Чарка аглаблёвая!
Эх, імклівае жыццё -
Стрэчы ды растанні.
Не грашыць бы забыццём,
Жыць бы з пакаяннем!
Чарка на пасашок -
Не для нас той кажушок,
А тым больш чарговая
Чарка аглаблёвая!
Ст. Валодзька
ЛЯВОН І ЛЯВОНІХА
З пакон вякоў байкі пра іх,
Лявон з Лявоніхай удваіх.
Лявонiха працуе, вышывае
Лявон на печы ж адпачывае.
Заўжды ён спрытны i ганаровы
Штаны, кашуля, пiнжак новы.
Вось няма жыцця з такою бабай!
То па ваду, то сена грабiць!
Няма да працы ў яго ахвоты,
У Лявона мары, ды турботы.
Бурчыць Лявонiха спазаранку:
«Прыбрацца трэба каля ганку!»
Лявон пацягнецца, што ёсць моцы,
Кваску хлябне пасярод ночы.
Пачэша рэпу, цыгарку скурыць,
З сваёй Лявонiхай пабедакурыць.
Лявонicе душэ ж ласкавай,
Купiў ён боцiкi з абцаскамi.
Калi ж пускаецца яна ў пляску
Блiшчаць ад боцiкаў абцаскi.
Ён вокам улева, управа водзiць,
Дзяўчат вясёлых карагодзiць.
Лявонiху ж ён беражэ,
Кахае моцна i сцеражэ.
Ад хлопцаў важных i лагодных,
Ад думак сумных i маркотных.
Так усе змiрыліся вакол,
Заўжды ў iх хлебасольны стол.
Гасцей ў хату запрашаюць.
I сто гадоў пражыць жадаюць!
Лiлiя Воранава
https://uzdim.lv/be/home/news/278-lyavon-i-lyavonikha-gastsej-khatu-zaprashayuts#sigProId45366d0be5
Людміла Сінякова
намеснік старшыні таварыства “Уздым”