15 лютага наша таварыства “Уздым” адзначыла свята “Грамніцы”.
Грамніцы (Стрэчанне) — у беларускім народным календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Грамніцы лічацца днём першай сустрэчы зімы з летам. Назва меркавана паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі расліннасці. Менавіта з гэтага дня ўжо можна пачуць грымоты.
У царкоўным календары яно адзначаецца 2 лютага ў католікаў, а ў праваслаўных – 15 лютага.
Грамніцы заўсёды сімвалізавалі пераход часу ад халоднай і лютай зімы да спякотнага лета. Усе чакалі цяпла і сонца, хацелі паскорыць гэты прыродны працэс. Нягледзячы на тое, што люты традыцыйна быў самым халодным месяцам у годзе, нашы продкі казалі, што на Грамніцы зіма з летам сустракаецца.
Адметнасць гэтага свята — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. Яны адыгрываюць вялікую ролю ў многіх звычаях і абрадах на працягу года.
Існаваў шэраг прыкмет, звязаных з грамнічнай свечкай. У царкве, падчас богаслужэння, людзі назіралі, як гараць свечкі: калі яны патрэскваюць, то ўлетку будуць частыя навальніцы. Да цяжкахворых таксама падносілі запаленую грамнічную свечку і глядзелі, куды ідзе дым. Калі ён ідзе да дзвярэй, то хворы хутка памрэ, а калі распаўзаецца па хаце, то хворы павінен паправіцца.
Падчас свята ў кожнай хаце здзяйснялі абрад “агністага крыжавання”. Пад канец выканання сямейнай абрадавай дзеі свечку тушылі, прыносілі ў хату і хавалі за бажніцу ці ў куфар. Каб злыя духі не ўкралі гаючую і засцерагальную моц грамніцы, яе, паводле павер'я, трэба было трымаць падалей ад чужых вачэй, каб ніхто не ведаў, дзе яна схаваная, і нават не здагадваўся, што яна ёсць у хаце.
Удзельнікі тэатральнага гурта «Чароўны куфэрак» (рэжысёр Людміла Сінякова) наглядна паказалі, як нашы продкі святкавалі Грамніцы. Успомнілі народныя прыкметы і беларускія прымаўкі, уласцівыя гэтаму дню. А госці расказвалі цікавыя ўспаміны са свайго дзяцінства, як грамнічныя свечкі дапамагалі ў жыцці
Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у іншую сям'ю, нават родным і сваякам.
Тут усе прысутныя, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, адзін за адным абходзілі памяшканне, каб у яго на працягу года не наведвалася злая сіла.
Будзем верыць, што нашы грамнічныя свечкі будуць нам дапамагаць. У завяршэнне адбылося чаяванне і вяліся сяброўскія размовы за святочным сталом.
Людміла Сінякова
намеснік старшыні таварыства “Уздым”
https://uzdim.lv/be/home/news/271-a-nas-sjonnya-strechanne-strechanne#sigProId6ae88f4379