Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Перагарнула лета сваю апошнюю старонку, а разам з ёй скончыліся і вясёлыя канікулы з гульнямі, падарожжамі, цікавымі сустрэчамі. У школах пачаліся заняткі.

А наша беларуская школа “Вясёлка”, якая працуе пры культурна - асветніцкім таварыстве “Уздым”, запрасіла дзяцей і гасцей на першы занятак толькі ў першую  нядзелю кастрычніка. Першы  школьны званок гучаў падчас  Міжнароднага дня настаўніка. Гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў.

Наша сустрэча была незвычайнай. Свой першы урок прысвяцілі святу хлеба. Тэма ўрока: “Хлеб – усяму галава!”
Адзначаецца свята 16 кастрычніка,  заснавана ў 2006 годзе па ініцыятыве Міжнароднага саюза пекараў і кандытараў.
На занятку вялі размову пра хлеб, які з даўніх часоў  быў гаспадаром на стале. Ні адно абрадавае свята не абыходзілася без каравая. І па сённяшні дзень хлебам -  соллю сустракаюць дарагіх гасцей. Хлеб шанавалі, паважалі, з дзяцінства вучылі з трапятаннем адносіцца да яго.
Нашы продкі хлеб выпякалі самі. З гэтым рамяством былі звязаны некаторыя  звычаі. Лічылася, што пячы хлеб павінна жанчына, гаспадыня дома. Ні ў якім разе нельга было рашчы­няць хлеб у кепскім настроі – гэта адаб’ецца на якасці. 
Пакласці хлеб скарынкай уніз азначала непавагу. Акраец хлеба ці хлебныя крошкі не павінны былі аказацца на падлозе. Гэта – знявага.
Дарэчы, хлеб клалі ў ваду, калі ўпершыню збіраліся выкупаць дзіця. Гэта сімвалізавала багатую і шчаслівую долю. Хлебам благаслаўлялі маладых на вяселле, каб жыццё было напоўнена дабрабытам. Вобраз хлеба шчыруе ў вершах знакамітых беларускіх паэтаў. У народзе здаўна кажуць: «Зерне святое. Хто любіць зерне будзе багаты і шчаслівы. Зерне мае вялікую сілу».
Вось пра гэта вялі мы размову з дзецьмі. І яшчэ пазнаёміліся з тым, хто ў народным уяўленні з’яўляецца апекуном хлебароба. Гэта Палявік.
Дзеці разам з дарослымі малявалі слоўны партрэрт Палявіка, инсцэніравалі легенду пра Палявіка, адгадвалі загадкі ад Пекара, састаўлялі пазлы, гулялі ў народную гульню “Просо”, перакладалі з рускай на беларускую мову, знаеміліся з прафесіямі людзей, якія дапамаюць хлебу прыйсці да нас на стол.
Гаспадаром на свяце быў каравай ад нашага  спонсара Івана Паўловіча, яго дачка і сын – вучні нашай школы.
На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава, паэт Станіслаў Валодзька (яго ўнукі – Ксенія і Аляксей займаюцца ў беларускай школе), члены праўлення таварыства: Леангіна Мужніецэ, Данута Абрамовіча, сябра таварыства Дыяна Індрэлэ.
Гасцей было шмат, таму і падарункаў была вялікая колькасць. Дзеці атрымалі салодкія прысмакі ад Зінаіды Сіліня, канцылярскія прыналежнасці і цудоўныя вырабы, якія ўпрыгожылі  наш навучальны клас, ад Д. Абрамовіча і Д.
Індрэлэ (напапярэдадні нашага свята ў жанчын прайшла цікавая выстава).
Вучням школы падаравалі незвычайныя календары, якія пачынаюцца з верасня 2024 года і заканчваюцца вераснем 2025 года. У гэтых каляндарах адзначаны традыцыйныя народныя святы, якія дзеці вывучаюць у школе. У дзяцей будуць новыя сшыткі для запісаў і альбомы для малявання з лагатыпам школы.
У гэтым навучальным годзе з дзецьмі будут працаваць настаўнікі - Людміла Сінякова, Вольга і Мікола Паўловіч, Таццяна Блізнакова. І да нас вяртаецца маладая настаўніца Алена Радзівонава. Трэба адзначыць, што настаўнікі працуюць безкаштоўна, але з натхненнем.



 Матэрыял падрыхтавала
Людміла Сінякова
куратар беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”