Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

“Слаўлю родную старонку”

На чарговую сустрэчу ў нашым утульным пакоі мы  сабраліся  падчас пачатку апошняга  ў годзе паста — Каляднага, або Піліпаўскага (Піліпаўка), які працягваецца да самага Раства.

З гэтага часу, калі, паводле народнага выказвання, «дзень толькі да поўдня», а потым ужо цямнее, пачыналіся вячоркі, на якіх дзяўчаты пралі і спявалі. Наколькі плённай была работа, настолькі ж плённы быў затым і наступны этап — ткацтва: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш».

Пачынаюцца халады, усе апранаюцца цяплей. Перад Піліпаўкай заканчываліся вяселлі, таму спявалі:


Была восень, цяпер зіма.
Былі хлопцы, цяпер няма.

Піліпаўскія вячоркі – гэта традыцыя, звычай, калі вясковыя дзяўчаты і жанчыны збіраліся ў каго-небудзь у хаце. На вячорках спявалі, пралі, вышывалі, жартавалі, расказвалі цікавыя гісторыя. Прыходзілі хлопцы, каб павесяліць дзяўчат. Разам гулялі, танчылі. З традыцыямі гэтых вячорак прысутных пазнаёміла вядучая мерапрыемства Людміла Сінякова.

На жаль мы ўжо так не абыходзім гэтыя традыцыя, але ўспамінаем пра іх.

Нашы жанчыны зрабілі шмат вырабаў у нашым кутку рамёстваў “Зробім разам”, спявалі і спяваюць песні ў калектыве “Натхненне”, рыхтуецца наступная пастаноўка тэатральнай групай “Чароўны куфэрак”.

Беларускае культурна-асветніцкае таварыства "Уздым" багата творчымі і таленавітымі людзьмі. Сярод яго членаў: паэты, мастакі, музыканты, выканаўцы, гісторыкі, аўтары кніг і артыкулаў аб дзейнасці грамадства, педагогі, фатографы, майстры народнай творчасці. У 2024 годзе на конкурс праектаў недзяржаўных арганізацый у Даўгаўпілскую гарадскую думу быў падрыхтаваны праект "Na lukavine Daugavy". Аўтар праекта - Людміла Сінякова. Кіраўнік праекта - Лілія Воранава.

Мэта праекта:

- пазнаёміць жыхароў горада з таленавітымі людзьмі арганізацыі, дапамагчы іх талентам рэалізавацца;- пашырыць кругагляд жыхароў горада, арганізаваць вольны час, уцягнуць у актыўнае культурнае жыццё;- арганізаваць літаратурныя і музычныя сустрэчы, выставы, майстар - класы;- сабраць інфармацыю пра гэтых людзей у буклеце “На лукавіне Даўгавы”.

І вось, 29 лістапада 2024 года, на мерапрыемстве “Слаўлю родную старонку...” падвялі вынікі цыклу літаратурна-музычных сустрэч у рамках праекту “На лукавіне Даўгавы” і прэзентавалі новае выданне аб дзейнасці таварыства “Уздым”. Ганаровымі гасцямі свята былі тыя, каму прысвечана выданне.

  Штомесяц са снежня 2023 года Беларускае культурна-асветніцкае таварыства "Уздым" арганізоўвала мерапрыемствы ў рамках праекта, прысвечаныя людзям, якія ўнеслі свой уклад у развіццё і папулірызацыю  арганізацыі.

Мы знаеміліся з творчасццю Ліліі Воранавай, Яніны Юзэфовіч, Міколы Паўловіча, Таццяны Аляксеевай, Паўла Плотнікава, Зінаіды Сіліня, Дануты Абрамовіч і Дыяны Індрэлэ, выканаўцаў з Ліван – Алены і Аляксандра Усцінавых, Анастасіі Кізірнэ, Міколы Якаўлева, дуэта – Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай.

Мы святкавалі Сусветны дзень паэзіі. Успаміналі паэтаў-сяброў таварыства, якія памерлі, Анастасію Сазанкову, Сафію Кавалёву-Крываносаву, Зянона Бурага, Яўціхія Канаплёва, Марыю Сафронаву.

Уся інфармацыя сабрана ў выданні. Гарталі старонкі буклета і вялі  размову аб нашай агульнай працы. У буклеце змешчаны біяграфічныя звесткі і прадстаўлены творчыя працы сяброў “Уздыма”. Ёсць раздзел “Яны засталіся ў нашай памяці”, дзе змешчаны біяграфічныя звесткі і творчыя працы сяброў, якія адышлі ў лепшы свет.

Буклет ужо атрымалі ўдзельнікі вялікага святочнага канцэрта, прысвечанага Дню незалежнасці Латвіі, які праходзіў 16 лістапада 2024 года ў Палацы культуры.

Старшыня таварыства “Уздым” Ліля Воранава расказала пра ідэю стварэння праекта, адзначыла значны ўклад у працы над выданнем Людмілы Сіняковай, як складальніка буклета і аўтара прадмовы. Выказала словы падзякі рэдакцыйнай групе – Станіславу Валодзьку, Вольге і Міколе Паўловічу.

Свае вершы чыталі: Станіслаў Валодзька, Павел Плотнікаў, Лілія Воранава, Таццяна Аляксеева. Слухалі песні на беларускай мове ў выкананні Жанны Слядзеўскай (беларускі пераклад Станіслава Валодзькі і Ліліі Воранавай), Аляксандара Лапы. Кожны з прысутных знайшоў шмат цеплых слоў наконт новага выдання аб дзейнасці таварыства.

За 31 год існавання таварыства “Уздым” былі надрукаваны кнігі:

  • “Крокі “Уздыма”, аўтар Станіслаў Валодзька (1999 год)
  • “Летопись белорусского культурно - просветительского общества “Уздым” (1993-2003)”  пад рэдакцыяй Таццяны Бучэль (2003 год)
  • “Уздым” на пачатку ХХІ стагоддзя”, аўтары Людміла Сінякова і Мікола Паўловіч (2013 год)
  • “Вясёлка”- 25”, аўтары Людміла Сінякова і Мікола Паўловіч (2020 год)
  • “Уздым” – 30”, аўтары Людміла Сінякова і Мікола Паўловіч (2023 год)
  • Каляндар з фотаздымкамі на 2024 год, аўтар Людміла Сінякова (2023 год).

На мерапрыемстве была арганізавана выстава гэтых выданняў і газет “Уздым” (2015-2023 год).

Прыемна ўсведамляць, што твая праца прыносіць радасць іншым. Спадзяёмся, што гэты буклет ўвойдзе ў гісторыю нашай арганізацыі.

Матэрыял падрыхтавала

Людміла Сінякова

намеснік старшыні таварыства “Уздым”