Адбылася творчая вечарына пад назвай «Кола песен» ў рамках цыкла літаратурна-музычных сустрэч «На лукавіне Даўгавы».
Нас чакала пазітыўная энэргетыка і знаёмства з дуэтам Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай «Реснички». Мы адпачывалі ва ўтульнай, цёплай, сяброўскай атмасферы пад мелодыі песен на розных мовах у памяшканні нашага беларускага таварыства.
Дуэт, які быў створаны ў 2009 годзе, святкуе сёлета свой 15 гадовы юбілей. Першая іх песня «Разгорелась заря золотая» і зараз гучыць у рэпертуары. З 2024 года дуэт спявае «пад крылом» таварыства «Уздым».
Рэгіна і Таццяна з’яўляюцца ўдзельнікамі гарадскіх і краявых мерапрыемстваў, выступаюць на творчых вечарынах паэтаў і мастакоў горада, актыўныя члены таварыства «Уздым», спяваюць у вакальным калектыве «Натхненне».
Раней многа гадоў спявалі ў харавой капэле «Спадчына» Цэнтра беларускай культуры (Даўгаўпілс), але па склаўшымся абставінам больш там не спяваюць.
Пачала вечарыну вядучая творчых сустрэч "На лукавіне Даўгавы" Валянціна Ліпінская, якая прапанавала дуэту запаліць свечку - сімвал сонца, святла, жыцця і духоўнасці. Вядучая пазнаёміла прысутных з жыццёвай і творчай біяграфіяй дуэта.
У выкананні дуэта прагучалі песні на словы нашых паэтаў - Станіслава Валодзькі і ўпершыню на словы і музыку Людмілы Вілюмы. Людміла ў гэтым годзе адзначыла сваё 96 - годдзе і па прычыне ўзросту не змагла прысутнічаць на вечарыне.
Гучалі песні сумесна з Анатолем Галерам на яго словы і музыку, а таксама Таццяна і Рэгіна спявалі разам з Рыгорам Старавойтавым песні на словы Станіслава Валодзькі.
Але хіба можна паспець абкласці ў дзве гадзіны творчасць даўжынёю ў 15 гадоў! Вечарына атрымалася ўрачыстай і прыгожай. Усе ўдзельнікі натхнёна падпявалі выканаўцам. Дуэт падтрымаў вакальны гурт «Натхненне», пад кіраўніцтвам Яны Антонаўны Юзэфовіч.
Павіншаваць дуэт прыйшлі іх шматлікія сябры, калегі па песенным цэху і, вядома, прыхільнікі іх шматграннай песеннай здольнасці. Шмат добрых слоў пачулі Рэгіна і Таццяна ад старшыні таварыства «Уздым» Ліліі Воранавай.
Рэгіна Родзікава прынесла шмат фотаздымкаў з тых мерапрыемстваў і святаў, у якіх яны разам з Таццянай прынімалі ўдзел. У гасцей была незвычайная магчымасць пазнаёміцца з творчасццю дуэта. З цікавасцю слухалі гісторыі, падпявалі, разглядалі фотаздымкі. На памяць аб гэтай святочнай вечарыне застанецце шмат ужо новых фотаздымкаў.
Дыстанцыя ў 15 гадоў пройдзена. Што чакае дуэт далей за мяжой пятнадцацігоддзя? Адказ відавочны: наперадзе яшчэ мноства творчых планаў, задум і перамог!
https://uzdim.lv/be/home/news/258-kola-pesen#sigProId6b7ecddf7e
Матэрыял падрыхтавала
Лілія Воранава
Старшыня таварыства “Уздым”
09 лістапада 2024 года.