Паважаныя члены беларускага таварыства «Уздым»! Віншуем Вас з 100-годдзем абвяшчэння незалежнасці Латвійскай Рэспублікі!
Патрыятызму немагчыма навучыць. Гэта высокае пачуццё родам з дзяцінства, дзе ў сям'і дзіцяці з малых гадоў прывіваецца правільнае стаўленне да сваёй радзімы, да сваёй краіны, да яе народаў, гісторыі, культурнай разнастайнасці.
У беларусаў Даўгаўпілса дзве айчыны - Беларусь, дзе нарадзіліся многія з нас, і Латвія, дзе нарадзіліся нашы дзеці і ўнукі, жывём і працуем мы, пацвярджаючы свой патрыятызм учынкамі і добрымі справамі. Мы з Вамі іх здзейснілі шмат і працягваем гэта рабіць!
Адна з такіх добрых спраў цягнулася ўвесь год у выглядзе акцыі Цэнтра беларускай культуры пад назвай «Сундук беларускіх скарбаў», у які мы сабралі матэрыяльную спадчыну беларусаў - аўтэнтычныя ручнікі, народныя строі, абрусы, дываны і г.д.. Завершаць акцыю фестываль «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе", на якім гледачы дакрануцца да нематэрыяльнай спадчыны беларусаў - народныя песні, танцы, музыка, і адкрыццё музейнай экспазіцыі «Беларусы ў Даўгаўпілсе".
Другая добрая справа - рашэнне таварыства «Уздым» пералічыць 110 еўра на будаўніцтва помніка да 100-годдзя Латвіі ў Даўгаўпілсе. Мы ўпэўненыя: як калісьці усім светам у Даўгаўпілсе быў узведзены Дом Адзінства, так і цяпер усім разам пад сілу пабудаваць помнік. І ў яго падставу ўмуруюць імянную беларускую цаглінку, як пацверджанне таго, што беларусы - гістарычная, талерантная, неад'емная частка Латвіі.
Паважаныя сябры! Жадаем Вам моцнага здароўя, павагі, згоды, адзінства, добрых спраў на карысць Латвіі і сапраўднага, нармальнага патрыятызму - ад шчырага сэрца!
З найлепшымі пажаданнямі,
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры,
старшыня Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым»