Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

У гасцінай таварыства ”Уздым” прадоўжыўся цыкл музычна-паэтычных вечарын ”На лукавіне Даўгавы”. На гэты раз вечарына была прысвечана да 80-годдзя таленавітага музыканта, прафесіанала з высокай літары, дырыжора, кампазітара, спявачкі, кіраўніка, настаўніцы, стваральніцы многіх калектываў і цудоўнага чалавека, якая прысвяціла таварыству “Уздым” больш 30 гадоў - Яніны Антонаўны Юзэфовіч.

Гэтую абаяльную, інтэлігентную, таленавітую жанчыну мы cустракаем заўсёды з асаблівай павагай і прыемнасцю. Дасведчаная, уважлівая, простая і шчырая ў размове, яна здзіўляе шырынёю творчых інтарэсаў, глыбінёю разважанняў, адметнасцю адухоўленай душы. Нашаму таварыству пашанцавала, што ў нас ёсць такая таленавітая кіраўніца гурта “Натхненне”, якая сама калісьці вучылася ў вядомага беларускага кампазітара Ігара Лучанка.

Яніна Антонаўна высока прафесійный музычны кіраўнік, дырыжор, як кажуць нашы спявачкі, яна з музыкай як рыба ў вадзе . Можна зайздросціць па добраму яе шырокаму і разнастайнаму кругагляду, зацікаўленаму стаўленню да музыкі, арыгінальных творчых народных музычных знаходак, яе музычнай нястомленнасці і прагнасці. У гэты вечар ніхто не сумаваў. Яніна Антонаўна захоплена распавядала пра сваё дзяцінства і юнацтва, пра сваю працу настаўніцай музыкі, пра тое, як 30 гадоў таму назад яна стварала першы калектыў у таварыстве. У гэты вечар гучалі словы падзякі, добрыя пажаданні і прыгожыя беларускія песні. Аўтарам музыкі шэрагу гэтых песень з'яўляецца віноўніца ўрачыстасці. Сярод іх песні на словы яе мужа Фёдара Ісаева і старшыні “Уздым”, паэткі Ліліі Воранавай, паэта Яўгенія Голубева. Кожны з прысутных стараўся павіншаваць Яніну Антонаўну, сказаць ёй самыя добры словы падзякі за яе працу на блага таварыства. Павіншаваць яе прыйшоў наш знакаміты паэт Станіслаў Валодзька, з якім звязвае іх творчае супрацоўніцтва шмат гадоў. Станіслаў падрыхтаваў Яніне Антонаўне свой верш.

ЯНІНЕ ЮЗЭФОВІЧ

Бацькоўскі кут, як шмат для нас ён значыць!

З гадамі не слабее сэрца зрок:

Праз далячынь гадоў так ясна бачны

Малінава – утульны хутарок.

Непадалёку возера Густаты

Чароту шэптам кліча адпачыць.

Як пасвіцца у ім аблокаў статак,

Падчас падоўгу хораша сачыць.

Дзе б ні былі, па родным наваколлі

Заўсёды памяць будзе нас вадзіць.

Дагэтуль Барадзініцкая школа,

З надзеяю убачыць Вас, глядзіць.

Прыроды запаветнай гукі-спевы

Змаля дзяўчынцы западалі так,

Што узышлі іх жытнія пасевы –

Музыкам і спявачкай даў Бог стаць.

Вы разам з намі распраўлялі крылы,

Штодзённа шчыравалі, як маглі:

“Купалінку” і “Спадчыну” стварылі,

Што з Вамі добры голас набылі…*

Асветлена любоўю і сагрэта,

Душа з дзяцінства стала, нібы храм.

Вялікая удзячнасць ёсць за гэта

Ядвізе і Антонію бацькам.

Яны з нябёсаў зараз рады бачыць,

Як новаму хвалу аддаўшы дню,

І маці, і бабуля, і прабабка

Вы дорыце любоў і дабрыню…

* Вакальныя калектывы таварыства “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.

31.01 2024

Ст. Валодзька

Прэс- рэліз