Дзяды - гэта дзень памяці продкаў, рэтуальная вячэра ў памяць памерлых продкаў, ушанаванне памяці продкаў, так тлумачыцца ў Вікіпэдыі. Неадыходзячы ад традыцыі, у беларускім таварыстве “Уздым” актыўныя члены таварыства аддалі даніну памяці і сустрэліся на восеньскія “Дзяды”. Фармат мерапрыемства быў камерны, ціхі, такі, як патрэбна ў гэты дзень. Усе прысутныя сабраліся за сталом, пакрытым жалобным настольнікам, на якім гарэлі свечы, былі пастаўлены стравы і фотаздымкі продкаў. Вольга Паўловіч прыгатавала куцю, якой усе пачаставаліся, успамінаючы сваіх памерлых сваякоў. На асобнай талерцы палажылі куцю для нашых продкаў. Людміла Сінякова і Вольга Паўловіч вельмі цікава распавядалі пра “Дзяды”, якія адзначаюць у Беларусі зусім не так, як у другіх краінах.
Потым кожны з прысутных вёў бяседу пра сваіх памерлых сваякоў - дзядоў, бабуль, бацькоў, дзяцей, братоў, сясцёр і т.д. З павагай слухалі Яўгенію Гуляеву, Зінаіду Сіліня, Вольгу і Мікалая Паўловічаў, Людмілу Сінякову, Аляксея Масюка, Валянціну Ліпінскую і Станіслава Валодзьку. Слухалі кожнага з смуткам журбой і сумотай. Станіслаў Валодзька паказаў надрукаваную кнігу, дзе змясціў фотаздымкі і апавяданне пра ўсіх сваіх памерлых сваякоў. Асаблівае ўражанне засталося ад фотаздымкаў, якія прынёс кожны прысутны на гэта мерапрыемства. І здавалася, што нашы продкі тут разам з намі і разам вячэраюць.
Час гэтай сустрэчы праляцеў вельмі хутка. Вялікі дзякуй усім прысутным, што раздзялілі з намі гэтую памяць і традыцыю.
І толькі з гадамі разумееш, як хутка бяжыць час, а разам з ім і наша жыццё. Патрэбна даражыць кожнай хвілінай і кожнай сустрэчай.
Валянціна Ліпінская, член праўлення таварыства “Уздым”