Наша таварыства “Уздым” абрала ўдзел у свяце латгальскай гасціннасці “Gostūs Latgalē”, арганізаваным гарадскім музеям “Šmakovka”. Мы з удзячнасццю прынялі запрашэнне і з хваляваннем рыхтаваліся да свята, абмярковаючы, чым здзівіць людзей.
Мэта мерапрыемства – паказаць, расказаць і пачаставаць гасцей свята прысмакамі нацыянальнай кухні. Гараджане мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з нацыянальнымі стравамі латышэй, беларусаў, латгальцаў, рускіх, палякаў, літоўцаў, яўрэяў.
У беларусаў ежа простая, але вельмі смачная. Галоўнае нашага народа – гэта стравы з бульбы, якіх вельмі шмат. Напрыклад, дранікі, клёцкі з душамі, бульбяная каўбаса, бабка, кнышы, сашні, сарока, бульбянікі. І няма канца гэтаму спісу. Недарэмна, беларусы з Екабпілса штогод праводзяць свята бульбы, а наша таварыства актыўна ў ім удзельнічае.
На прэзентацыі беларускай кухні Вольга Паўловіч расказала пра панцаковую кашу. У старыну казалі: “Паесць мужык кашы з панцака і працуе цэлы дзень у полі”. А якая смачная атрымліваецца поліўка з сушонымі грыбамі. Абавязкова трэба пачаставацца і заціркай, якая гатуецца на малацэ з мучнымі клёцкамі.
Ну, і пэўна сала! Які беларус не любіць сала ў мачанцы, сала з яечней, сала да дранікаў, да бабкі. Ёсць такая прымаўка: “Ешце сала, каб душа плясала”.
Каб пачаставаць удзельнікаў свята, нашы гаспадыні пастараліся. Яўгенія Заліўская напякла дранікаў. Вольга Паўловіч прыгатавала бліны з жытняй мукі са шкваркамі і цыбуляй, а таксама дранікі з мясам, якія падаваліся са смятанай і падлівай. Усім прыйшліся да смаку кампот з сушоных яблык і маліны, гарбаты з 20 траў, каўбаса і сала, якія прыгатавала Лілія Воранава. Падчас прэзентацыі пякліся дранікі на пліце, каб пачаставаць гасцей.
Харавая капэла “Спадчына”, што існуе пры Цэнтры беларускай культуры, а ўдзельнікамі якой з’яўляюцца сябры таварыства “Уздым”, радавала слухачоў беларускімі народнымі песнямі: “Сонейка ды месяц”, “У садзе гуляла”. А песня “Шумяць вербы” прагучала на біс. Усім спадабалася песня на словы Станіслава Валадзько “Дранікі”. Выступленне нашых прыгажунь спявачак расчулі сэрцы ўдзельнікаў свята. Пашанцавала з надвор’ем: ласкава грэла сонейка і аб’ядноўвала людзей розных нацыянальнасцяў.
Свята, як кажуць, удалося!
Вольга Паўловіч, намеснік старшыні таварыства “Уздым”
https://uzdim.lv/be/home/news/231-gostus-latgale#sigProId6990eebb67