Сонейка, якое ўпэўнена асвятляла ўсё навокал, прыдавала яшчэ большай урачыстасці святу апошняга званка пад назвай “Прывітанне лету” для вучняў беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”.
А для вучаніцы Евы Малышавай гэта быў зусім апошні званок. Яна закончыла школу і атрымала дакумент аб заканчэнні беларускай нядзельнай школы. Вучні разам з настаўнікамі падрыхтавалі невялiкі канцэрт пад назвай “Прывітанне лету”. Кожны вучань паказаў свае здольнасці – хто музычныя, хто чытаў вершы, хто спяваў альбо танцаваў. Парадавалі яны дарослых цікавымі і разнастайнымі інструментальнымі нумарамі. Нашы вучні вельмі творчыя, таленавітыя і разнастайныя. Вельмі ж спадабалася слухачам, як спявалі нашы дзяўчаткі Дарына Растоўская і Сафія Блізнакова.
Павіншаваць дзяцей і настаўнікаў прыехалі: консул Генконсульства РБ у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава, метадыст ЦБК Марыя Памецька, паэт Станіслаў Валодзька і старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава. Дзецям пажадалі цёплага лета, магчымасці адпачыць, набрацца сіл, здароў’я, а настаўніцам – Людміле Сіняковай, Вользе Паўловіч і Таццяне Блізнаковай не спыняцца перад цяжкасцямі, упэўнена рухацца наперад і атрымліваць задавальненне ад працы. Вучні атрымалі шмат салодкіх падарункаў, а настаўнікі шмат кветак за сваю валанцёрскую працу. Вялікая адказнасць ускладзена на кожную нашу настаўніцу, якая патрабуе неймавернай самааддачы, цярпення і дабрыні, без якой немагчыма ўявіць валанцёрскую працу з дзецьмі.
Старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава
https://uzdim.lv/be/home/news/229-pryvitanne-letu#sigProId98d85fe925