Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Вось зноў прыйшла шырокая Масленіца да нас у госці. Мы сустрэліся разам, каб адзначыць гэтае свята. Успаміналі, як праводзілася Масленіца падчас нашага дзяцінства.

Цікава распавядала Вольга Паўловіч, як праходзіла свята ў яе роднай вёсцы Бяльмонты, што на Браслаўшчыне. “Я помню, як вабіла вока ўпрыгожаныя стужкамі і бубенцамі коні, на якіх можна было адправіцца ў падарожжа па заснежанаму графскаму парку Плятараў дзецям і дарослым. Выпіць гарачай гарбаты з блінамі і баранкамі, адпачываючы з сябрамі на лаўцы пад векавымі дубамі”, – расказвала Вольга. На свяце праводзіліся розныя гульні. Цікава было назіраць, як хлопцы па чарзе спрабавалі залезць на высокі слуп, каб дастаць падарунак.

А Зінаіда Сіліня ўспамінала, як у яе сям’і гатаваліся святочныя прысмакі, накрываўся стол, збіралася ўся радня на свята ў вёсцы Ветхава Залескага сельсавета, што на Гродзеншчыне. Разам частаваліся, спявалі народныя беларускія песні, гулялі.

Сімвалам свята з’яўляюцца бліны. Нашы гаспадыні напяклі смачных бліноў: з мясам, з рысам і яйкамі, з гароднінай і яблыкамі. Мы частаваліся гарачай гарбатай і кавай, спявалі песні пад кіраўніцтвам Таццяны Блізнаковай. Па прапанове Людмілы Сіняковай прынялі ўдзел у творчай майстэрні “Вясна ідзе!” – зрабілі птушак з паперы, якімі будзе ўпрыгожан вучэбны клас да свята “Гуканне вясны” у беларускай нядзельнай школе “Вясёлка”.

На наша свята, з вялікім салодкім падарункам, па запрашэнню праўлення таварыства “Уздым” завітаў віцэ-мэр г. Даўгаўпілса спадар Аляксей Васільеў.

Матэрыял падрыхтавала Вольга Паўловіч