Заплюшчы вочы, прыслухайся. I ты пачуеш матулін голас. Ён жыве ў табе, такі знаёмы, родны. Яго не зблытаеш ні з якім іншым голасам. Нават калі станеш дарослым, заўсёды будзеш памятаць матулін голас, матуліны вочы, матуліны рукі.
Падчас міжнароднага жаночага дня ў нашай беларускай нядзельнай школе “Вясёлка” прайшоў адкрыты ўрок – свята “Разам з мамай”. Мэта ўрока – выхоўваць павагу, пашану да маці; развіваць эстэтычны густ, адчуванне прыгожага ў паэзіі, музыцы, пачуццях. На ўрок вучні запрасілі сваіх мам.
Дзеці чыталі вершы на беларускай мове, прысвечаныя мамам, удзельнічалі ў віктарынах. Мамы спявалі калыханкі. Разам адгадвалі песні і спявалі іх, выконвалі практычнае заданне “Прыгатуй боршч і плоў”. Усім спадабаліся гульні: “Матчыны рукі”, “Пазнай па голасу”, “Зразумей мяне” і фанты.
Арганізавалі творчую майстэрню “Кветачка для мамы”. Дзеці разам з дарослымі зрабілі з каляровай паперы прыгожыя цюльпаны ў падарунак мамам.
А потым усе разам сабраліся за салодкім сталом.
Матэрыял падрыхтавала
Людміла Сінякова
https://uzdim.lv/be/home/news/221-prazdnik-vmeste-s-mamoj#sigProId759440d6e6