Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Напрыканцы Старога Новага года мы запрасілі гасцей, каб разам адзначыць свята.

Новы год і Каляды – гэта традыцыйныя святы ў нашай беларускай нядзельнай школе “Вясёлка”. Дзеці і дарослыя чакаюць з захапленнем незвычайных падзей, цікавых сустрэч і асабліва падарункаў. У гэты раз мы прапанавалі вучням паставіць невялікі спектакль “Навагодняе запрашэнне”. У пастаноўцы ўдзельнічалі ўсе выхаванцы школы, сёлета іх 13. У кожнага была свая цікавая роля. Далі кожнаму магчымасць актыўна паўдзельнічаць у падрыхтоўцы выступлення: вучні самі рыхтавалі свае касцюмы. Часу рэпетыраваць было мала, але ў нас атрымалася вясёлае прадстаўленне. Трэба адзначыць дэбют двух маленькіх 5-гадовых дзяўчынак, якія ўпершыню выступалі перад гледачамі і размаўлялі па-беларуску. Яны пачалі вучыцца ў школе ў гэтым навучальным годзе. Гледачы апладысментамі падтрымалі іх.

 З дзецьмі працавалі настаўнікі Людміла Сінякова, Вольга Паўловіч і Таццяна Блізнакова.

Праўлення таварыства “Уздым”, як заўсёды, удзельнічала ў арганізацыі свята. Дарослыя прынялі ўдзел у тэатральнай пастаноўцы. Да нас завітала Каргота (Зінаіда Сіліня), Мяцеліца (Таццяна Блізнакова), Завіруха (Лілія Воранава), Завея (Валянціна Ліпінская). Мы з радасцю сустракалі Дзеда Мароза (Юрый Галоўка) і Снягурку (Інта Іванова). Разам з імі мы вадзілі карагоды і спявалі.

На свята, па запрашэнні старшыні таварыства “Уздым” Ліліі Воранавай, да нас завітаў віцэ-мэр спадар Аляксей Васільеў і падарыў школе вялікую ляльку – сімвал года. Пажадаў дзецям поспехаў, а настаўнікам плённай працы.

Дзеці атрымалі віншаванні і салодкія падарункі ад Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Іллі Лапуця і консула Галіны Найдзёнавай. Ілля Віктаравіч сказаў, што дзяцей чакае яшчэ адзін сюрпрыз – камп’ютар для школы.  Былі падарункі ад таварыства “Уздым”. Іх падарылі Дзед Мароз і Снягурка. Цёплыя словы віншавання прагучалі ад кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры  (ЦБК) Жанны Раманоўскай. Спачатку яна падзякавала тых, хто прыняў ўдзел у конкурсе малюнкаў “Святкуем Калядкі”, які праводзіў Цэнтр беларускай культуры, уручыла калядныя сувеніры Кацярыне Кузьміч, Надзеі Кузьміч, Акіму Воранаву за ўдзел у конкурсе. Ніхто не застаўся без падарунка ад ЦБК – кожны атрымаў салодкі пернік, настаўнікі таксама.

Мы ўдзячны бацькам за супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы мерапрыемства. Свята прайшло ў упрыгожаным памяшканні Цэнтра беларускай культуры.

А далей адбылося свята Каляд для дарослых. У дружнай і вясёлай кампаніі мы сустракалі Стары Новы год. Спявалі песні разам з удзельнікамі калектыва “Спадчына”, чыталі вершы, гулялі, танцавалі пад кіраўніцтвам  танцораў калектыва “Лянок”. У гасцях па запрашэнні ў нас была спявачка з Малты Жанна Слядзеўская. Мы з задавальненнем слухалі песні ў яе выкананні. Дзед Мароз і Снягурка правялі конкурсы і гульні.

Разам з намі свята адзначыў Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць. 

Падрыхтавалі і правялі навагоднюю сустрэчу члены праўлення таварыства “Уздым”: Лілія Воранава, Валянціна Ліпінская, Інта Іванова, Юрый Галоўка.

Чакаем новага навагодняга запрашэння!

Матэрыял падрыхтавала

Людміла Сінякова