Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Творчыя стажыроўкі праводзяцца ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур з 2016 года. Удзельнікі вывучаюць беларускія танцы і песні, засвойваюць асновы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, каб пасля прэзентаваць культуру беларусаў у замежных краінах, дзе пражываюць таксама беларусы.

З 23 па 29 кастрычніка 2022 года стартавала чарговая творчая стажыроўка для кіраўнікоў калектываў мастацкай творчасці і грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа, у якой прыняў удзел член праўлення таварыства “Уздым” Юрый Галоўка.

Кіраўнікі беларускіх арганізацый замежжа прыязджаюць у Мінск на традыцыйную творчую стажыроўку не толькі для таго, каб навучыцца нечаму новаму або ўзяць з сабой навейшыя метадычныя распрацоўкі па розных кірунках мастацкай самадзейнасці, а і каб завязаць новыя ці пацвердзіць былыя стасункі са сваімі знаёмымі беларусамі, паглядзець на розныя куточкі Беларусі, а таксама на дзейнасць шэрагу культурных устаноў у розных рэгіёнах краіны.

“Тыдзень, праведзены беларусамі замежжа ў Мінску і ў яго ваколіцах, сапраўды насычаны многімі падзеямі, імпрэзамі і запамінальнымі мерапрыемствамі”, – расказаў Юрый.

Прадстаўнікі дыяспар павезлі са стажыроўкі ў Мінску нямала новых ідэй народнай культуры, усе яны ўдзельнічалі ў майстар-классах па пляценні з лазы, разьбе па дрэве, выцінанцы і іншых рамёствах. Знаёміліся з традыцыйным мастацтвам. Удзельнікі стажыроўкі пабывалі не толькі ў сталіцы, сустракаліся з народнымі майстрамі Лагойшчыны, паразмаўлялі з рознымі людзьмі ў рэгіёнах, якія зберагаюць традыцыі. Распытвалі бабуль пра сакрэты нацыянальнай кухні: як правільна зварыць аўсяны кісель ці што рабіць, каб аладкі атрымаліся пульхнымі.

Сустракаліся з аўтэнтычным калектывам, які прэзентаваў гасцям народныя песні, гульні, народныя танцы і нават паказаў, як плесці паясы; пабывалі на занятках па вакале і харэаграфіі ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, сумясцілі навучанне і забавы.

Пазнаёміліся з выкладчыцай, якая распрацавала ўнікальныя гульні для вывучэння беларускай мовы. Усе так захапіліся, што не заўважылі, як праляцелі адведзеныя на гульню паўтары гадзіны. Гэта цудоўная магчымасць праверыць веданне роднай мовы. Таксама пабывалі у Мірскім і Нясвіжскім замках, завіталі у музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, наведвалі мемарыял у Трасцянцы і Усіхсвяцкі храм – унікальны аб’ект, прысвеча­ны людзям, якія загінулі за радзіму, за яе свабоду і за права беларусамі звацца. Калі адтуль выходзіш, то адчуваеш сябе духоўна ачысціўшымся.

Пасля заканчэння ўсіх мерапрыемстваў творчай стажыроўкі усім ўручылі сертыфікаты аб праходжанні навучання. Кіраўніца РЦНК Вольга Антоненка выказала надзею, што атрыманыя веды абавязкова спатрэбяцца сёлетнім “навучэнцам” у іх дзейнасці. 

Прэс-рэліз