У адну з субот, з 1 па 11 лістапада, праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Дзяды – на трэцім тыдні пасля Пакрова. У гэтыя дні людзі імкнуцца наведаць магілы памерлых сваякоў, схадзіўшы перад гэтым у царкву на паніхіду. Асноўная логіка ўсіх гэтых святаў – сустрэча сям'і, яе жывых і памерлых членаў. Менавіта таму карэктна казаць, што гэта менавіта свята, хоць часта не разумеюць, у чым яно, бо гаворка ідзе пра мёртвых. Але сутнасць тут у тым, што з дапамогай памяці жывыя і мёртвыя так ці інакш сустракаюцца.
Падчас вячэры ў гэты дзень у беларусаў заўсёды на стале была памінальная страва – куцця. Яе варылі з якіх-небудзь круп, часцей за ўсё з пярловых. Таксама абавязкова падавалі страву, з якой ішла пара: лічылася, што душы продкаў сілкуюцца менавіта гэтай парай. Напрыклад, гэта магла быць вараная капуста з сушанымі грыбамі ці мясам. Яшчэ адна абавязковая страва на восеньскія Дзяды – канун. З мукі пяклі праснак – тоўсты посны блін, яго ламалі і кідалі ў ваду, разведзеную з мёдам або цукрам. Ужо ў пазнейшыя часы замест гэтага бліна выкарыстоўвалі абаранкі. Ёсць вельмі шмат традыцый. Напрыклад, на Віцебшчыне на Дзяды варылі бульбяныя клёцкі з мясам, яны так і называліся – клёцкі з душамі.
У гэтым годзе нашы актывісты праўлення таварыства “Уздым” Зінаіда Сіліня і Юрый Галоўка, а таксама члены таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская і Марыя Памецька таксама наведалі могілкі былых членаў таварыства. Ужо стала добрай традыцыяй кожны год вясной на Радаўніцу і восенню на Дзяды наведваць могілкі былых актыўных членаў “Уздыма”, асабліва тых, у каторых няма сваякоў і некаму прыгледзець за могілкамі.
Прэс-рэліз