Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Даўгаўпілскае беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей. Вось і латыш Айвар Сіліньш падтрымаў сваю жонку ў грамадскай справе і стаў сябрам беларускага таварыства. Ён ветэран “Уздыма”, прымае ўдзел у розных мерапрыемствах, якія ладзіць суполка.

У гэтага чалавека ёсць і любоў, і натхненне, і самае галоўнае – жаданне займацца любімай справай. Яно ніколі не пакідае яго.

Айвар чалавек рознабаковы, але фатаграфаванне бярэ верх над усім. Ён творчая натура, магчыма, гэта ад маці, якая пісала прыгожыя карціны. У сямейным архіве засталося шмат яе работ.

Будучы юнаком, пачаў рана працоўную дзейнасць. Жыў і працаваў у Ігарцы – гэта крайняя поўнач, падымаў цаліну, будаваў аўтамабільны завод у Тальяці, дзе атрымаў сваю першую кватэру і купіў машыну “Жыгулі”. Жывучы ў Тальяці, пачаў фатаграфаваць прыроду. У яго чорна-белых фотаздымках цудоўна адлюстравана прырода Расіі, Латвіі, Літвы і роднай Латгаліі. Так пра свой жыццёвы шлях распавядаў сам Айвар падчас сустрэчы.

Усе яго работы ўвасобіліся ў фотавыставе, якая стала вандраваць у нашым горадзе, а зараз ужо і за яго межамі. Прыгожую, незвычайную выставу першы раз Айвар прысвяціў сваёй каханай жонцы Зінаідзе, у гонар яе 65-годдзя. Другая выстава праходзіла ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. Трэцяя, спадзяёмся не апошняя, зараз прайшла ў Екабпілсе ў цэнтральнай бібліятэцы.

Кастрычнік – восеньскі халодны месяц, але ў зале бібліятэкі была вельмі цёплая атмасфера. Напэўна, цеплыня людзей, якія ладзілі выставу, спрыяла гэтаму. Восеньскія кветкі, чулыя выступленні ў адрас Айвара ад вядучай вечарыны – супрацоўніцы бібліятэкі Ліліі Кірылавай, спецыяліста па інфармацыі Галоўнай бібліятэкі Екабпілскага рэгіёну, радавалі  гасцей выставы. Старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава павіншавала Айвара з адкрыццём фотовыставы і прачытала свае вершы.

Добрыя словы гучалі ад старшыні беларускага таварыства “Спатканне” з Екабпілса Інны Янсанэ. Беларускія народныя песні ў выкананні ансамбля “Завіруха” (таварыства “Спатканне”) унеслі асаблівы настрой у вечарыну.

Напрыканцы, душэўна і з любоў’ю павіншавала свайго мужа жонка Зінаіда Сіліня, сказаўшы яму шмат цёплых слоў. А беларускі раманс “Не шукай ты мяне” у выкананні Зінаіды і Айвара крануў да сэрца ўсіх прысутных.

Матэрыял падрыхтавала Вольга Паўловіч