“Беларускі кірмаш” кожную восень збірае сяброў, гасцей з розных куткоў Латвіі ў наш цудоўны горад. Вось і сёлета адбыўся дванаццаты міжнародны фестываль народнай культуры, які падрыхтаваў і правёў Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілса.
Удзельнікаў і шматлікіх гледачоў прывітаў першы намеснік старшыні гарадской думы Аляксей Васільеў і старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава. Гэта стала ўжо добрай традыцыяй, але мы заўсёды з хваляваннем чакаем цудоўнае свята восені. Падводзім вынікі нашай творчай працы. На кірмашы танцуюць, спяваюць і праводзяць майстар-класы рамеснікі. Зразумела, жанчынкі нашага таварыства “Уздым” рыхтуюць прысмакі з гародніны і садавіны, каб на кірмашы прапанаваць свае смачныя нарыхтоўкі.
У фае Дома Адзінства гаспадыні Зінаіда Сіліня і Вольга Паўловіч, апранутыя ў нацыянальныя беларускія сукенкі, запрашалі гасцей купіць гародніну. На гэты раз, як ніколі, было шмат восеньскіх прысмакаў, што разбягаліся вочы: з кошыкаў выглядалі гарбузы і кабачкі, капуста і цыбуля, яблыкі, грушы, слівы. Кожны слоік быў прыгожа аформлены. Тут папрацавалі Валянціна Ліпінская, Інта Іванова, Людміла Абарон. А якая закуска без чаркі? Пастараўся член рады нашага таварыства “Уздым” Юрый Галоўка, які прыгатаваў моцны і смачны напой.
Госці кірмаша актыўна прымалі ўдзел у нашым святочным гандлі, які ішоў бойка. Пакупнікі цікавіліся рацэптамі.
Выказваем вялікую падзяку ўсім сябрам таварыства “Уздым”, хто прынёс свае прысмакі, за падрыхтоўку да кірмашу. Жадаем, каб заўжды ў вашым садзе быў багаты ўраджай і хапала энергіі і запалу на новыя смачныя стравы.
Інфармацыя падрыхтавна:
Вольга Паўловіч