Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

8 кастрычніка адбыўся Дзень беларускай культуры ў Рызе, які быў прысвечаны беларускай паэзіі і песні. Свята праходзіла ў будынку Латышскага таварыства.

У канцэрце прагучалі вершы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна і беларускіх паэтаў Латвіі – Эдварда Вайвадзіша, Зафіі Іонінай, Настассі Сазанковай, у выкананні сяброў таварыства “Прамень” Алёны Міцкевіч, Зоі Кальвіш, Людмілы Маранінай, вучняў Рыжскай асноўнай школы імя Янкі Купалы Уладзіміра Дацэнкі, Кірыла Земеца, Алісы Апёнкінай, Ігара Бараўкова. Са сваімі вершамі выступілі Людміла Яновіч, Лілія Воранава і Станіслаў Валодзька.

Беларускі ансамбль “Надзея” таварыства “Прамень” праспяваў беларускія народныя песні “Ой, у дуброве” і “Каля млына”, а таксама песні “Явар і каліна” (словы Янкі Купалы, музыка Ігара Лучанка)  і “Купальскі вальс” (словы Ніла Гілевіча, музыка Станіслава Клімава). Беларускі ансамбль “Вытокі” таварыства “Прамень” выканаў беларускія народныя песні “Цячэ вада ў ярок” і “У садзе гуляла”, а таксама песню “Да Беларусі” (словы Людмілы Хейдаравай, музыка Станіслава Клімава). У выкананні беларускага ансамбля “Завіруха” (таварыства “Спатканне” з Екабпілса) прагучалі беларускія народныя песні “Буракі” і “Бульба” і духоўныя песні “Багародзіца”, “Крыж Хрыстовы”, “Тры анёлы”.

Ларыса Люцко праспявала песню “Мой родны кут” (словы Якуба Коласа, музыка Ігара Лучанка), Алена Лазарава – песню “Зорка Венера” (словы Максіма Багдановіча, музыка Ігара Лучанка), Людміла Сінкевіч – песні на словы Станіслава Валодзькі “Дранікі” (музыка Таццяны Піменавай) і “Позірк Еўфрасінні” (музыка Анатоля Мядзведзева).

Завяршыўся канцэрт сумесным выступленнем ансамбляў “Надзея” і “Вытокі” з песнямі “Мірта” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Станіслава Клімава) і “Вы шуміце, бярозы” (словы Ніла Гілевіча, музыка Эдуарда Ханка).

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся ганаровы старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Аляксандраўна Піскунова і Генеральны консул Генконсульства Беларусі ў Латвіі Ілля Віктаравіч Лапуць.

Выказваем шчырую падзяку арганізатарам свята – сябрам таварыства “Прамень”. Да новых сустрэч!

Прэс-рэліз