Купалле – народнае свята; гэта час, калі прырода адчыняе свае магiчныя магчымасці для ўсіх людзей. Сустрэча з прыродай атрымалася ў беларускім таварыстве “Уздым” 6 ліпеня 2022 года ў прыродным парку дома-музея народнага паэта Латвіі Яніса Райніса ў мястэчку Беркенэле.

Сярод магутных дрэў і квітнеючых траў прайшло свята з рознымі напрамкамі – абрадавае Купалле, 140-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Янкі Купалы і дзень нараджэння таварыства “Уздым”.

З нагоды таго, што Я. Купала сябраваў з Райнісам, прагучалі вершы гэтых вялікіх паэтаў у выкананні Станіслава Валодзькі – паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Народныя песні на працягу вечарыны спявалі ўдзельнікі ансамбля беларускай народнай песнi “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) і харавой капэлы “Спадчына” (кіраўнік Сяргей Братусеў). Народнымі танцамі парадавалі ўдзельнікі ансамбля “Лянок” (кіраўніца Марына Медунецкая). З бардам Анатолем Галлерам пад гітару спявалі розныя песні.                              

Не абышлося і без купальскіх абрадаў, якія сталі часткай вечарыны. З задавальненнем дзяўчаты і маладыя жанчыны заняліся зборам лекавых траў і кветак, пляценнем вянкоў і пусканнем іх на ваду з запаленымі свечкамі. Загадвалі жаданні – пісьмова, а потым спальвалі на вогнішчы, праводзілі выгнанне ведзьмаў і рознай нечысці крапівой і палыном. Асаблівым момантам стала запальванне вогнішча, якое для нас загадзя падрыхтавалі гаспадары сядзібы. І тут, вядома ж, не абышлося без карагодаў і без цудадзейнага ачышчэння – скокаў праз вогнішча.

Да позняга вечара гучалі купальскія песні ды жарты.

З добрым настроем і надзеяй на новыя сустрэчы госці і арганізатары мерапрыемства пакідалі гэты ўтульны, гасцінны куток Латгаліі.

Іна Валюшка,

старшыня Праўлення таварыства “Уздым”