Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Завяршыўся навучальны год у беларускай нядзельнай школе "Вясёлка", якая працуе пры культурна-асветніцкім таварыстве "Уздым".

Мы сабраліся ў нашым навучальным класе, які нам дае Цэнтр беларускай культуры (ЦБК).

2 чэрвеня прайшоў адкрыты ўрок, прысвечаны святу апошняга званка. Тэма ўрока: «Слова. Сказ». Нас падтрымалі бацькі дзяцей. У госці прыйшлі Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Віктаравіч Лапуць, консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Галіна Валяр'янаўна Найдзёнава, старшыня таварыства «Уздым» Іна Валюшка, член праўлення таварыства «Уздым» Валянціна Ліпінская, паэт Станіслаў Валадзько.

На свяце мы падвялі вынікі праведзенай працы. Навучальны год мы пачыналі святам - адкрывалі новы навучальны клас, віншавалі выпускніцу нашай школы Элю Марчанку.

У першым семестры правялі 8 урокаў он-лайн, арганізавалі сустрэчу з Дзедам Марозам і атрымалі падарункі ад Генеральнага консульства РБ, таварыства «Уздым» і ЦБК.

У другім семестры прайшлі 2 урокі он-лайн, тры заняткі ў памяшканні класа. Адбылася цікавая сустрэча з дзецьмі 14 СШ г. Полацк, якую на платформе ZOOM падрыхтавалі і правялі настаўнікі з Полацка. Наступная сустрэча запланавана на пачатак новага навучальнага года.

З дзецьмі працавалі педагогі: Людміла Сінякова (куратар школы, настаўніца літаратуры), Вольга Паўловіч (настаўніца беларускай мовы і гісторыі), Таццяна Блізнакова (настаўніца музычных заняткаў).

Наша мерапрыемства прайшло ў першыя дні летніх канікул, калі адзначаецца свята Дзень абароны дзяцей, а горад Даўгаўпілс святкуе свой дзень нараджэння. Дзеці і дарослыя з цікавасцю паглядзелі відэафільм "Беларускія мясціны г. Даўгаўпілса". Гэты фільм быў зняты маладзёжнай групай таварыства “Уздым” па матэрыялах краязнаўца Міколы Паўловіча. Тэкст да фільма падрыхтаваны куратарам школы "Вясёлка" Людмілай Сіняковай.

На ўроку дзеці выконвалі цікавыя заданні па беларускай мове і літаратуры, слухалі песні і вершы на беларускай мове ў выкананні Сафіі Блізнаковай, Дарыны Растоўскай, Кацярыны Кузьміч, Паўла Кузьміча.

Сёлета пасведчанне аб заканчэнні беларускай нядзельнай школы было ўручана нашай выпускніцы Вераніке Данясевіч. Гэтае пятае пасведчанне, якое было выдадзена з моманту, калі школа атрымала ліцэнзію.

Дзяцей з заканчэннем навучальнага года павіншаваў Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе І. В. Лапуць. Адзначыў, як важна вучыцца і асвойваць новыя веды, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Распавядаў цікавыя факты з гісторыі г. Полацка, куды нам захацелася з'ездзіць на экскурсію і дзе ў нас ужо ёсць новыя сябры.

У падарунак ад консульства мы атрымалі выдатную серыю кніг "12 месяцаў", у якой сабрана багатая колькасць казак аб кожнай пары года і яшчэ шэраг цікавых кніг. Галіна Валяр'янаўна ўручыла школе новы званочак, а настаўнікам - беларускія сувеніры.

С. Валадзько падараваў у школьную бібліятэку сваю новую кнігу казак, якая праілюстравана малюнкамі нашых дзяцей. Выстава малюнкаў была арганізавана падчас правядзення адкрытага ўрока.

З заканчэннем навучальнага года павіншавала старшыня таварыства “Уздым” І. Валюшка і перадала салодкія падарункі ад Праўлення таварыства.

У час свята асаблівымі сувенірамі ад спонсара Івана Паўлавіча былі адзначаны актыўныя вучні.

У гэтым годзе апошні школьны званок гучаў з рук кожнага дзіцяці і дарослага. Ён гучаў рознымі галасамі, напаўняючы наш клас марай аб летніх канікулах.

Скончылася свята чаяваннем. Усе разам: дзеці, бацькі, настаўнікі і ганаровыя госці за кубкам гарбаты абмяркоўвалі маючыя адбыцца справы і будавалі планы на будучыню.

Матэрыял падрыхтавала:

Людміла Сінякова

Куратар беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”