Арыстоцель лічыў, што сакрэт шчасця крыецца ў самарэалізацыі чалавека. Для людзей шчасце – гэта калі ты і ўсе дарагія і блізкія табе людзі здаровыя. У кожнага чалавека знойдзецца шмат нагод, каб быць шчаслівым. Паспрабуем разабрацца, якім мы можам уявіць шчасце выдатнага і блізкага нам чалавека, жанчыны, маці, бабулі – Галіны Францаўны Сантоцкай. Сёння яна знаходзіцца на парозе значнай даты – толькі ўчора ёй было 70 гадоў, а сёння святкуем 75.
Для сямейнага шчасця ў яе ўсё самае галоўнае ёсць – дзеці, унукі, любімыя кветкі на дачы. Толькі Галіна Францаўна не з тых людзей, якім гэтага дастаткова. Яна знайшла месца ў сваім сэрцы і занятак па душы, і яе душой стала песня.
Да песні Галіна Францаўна прыйшла, акунуўшыся ў дзейнасць беларускага таварыства “Уздым”, створанага амаль 30 гадоў таму. Яна нарадзілася ў Беларусі, у Гродзенскай вобласці; з дзяцінства засвоіла словы і матывы беларускіх народных песень. Валодаючы добрым голасам, Галіна ўнесла свой талент і свае веды аб Беларусі ў таварыства. Яна стала стрыжнем у створаным ансамблі “Купалінка”, юбілей якога мы святкуем разам. Галіна Францаўна збірае, успамінае народны фальклор, перакладае на песенны матыў і развучвае са сваімі дзяўчатамі ў ансамблі.
Глыбокія веды гісторыі і літаратурных геніяў Беларусі (Галіна Францаўна закончыла Гродзенскі педагагічны інстытут) прывялі да стварэння тэатральнай групы і ўдзелу ў ёй.
Галіна Францаўна стала арганізатарам культурных мерапрыемстваў таварыства “Уздым”. Ствараючы тэатралізаваныя пастаноўкі, яна абавязкова ўдзельнічае ў спектаклях, іграючы галоўныя ролі. Гледачы заўсёды захапляліся яе ігрой, не было абыякавых пасля пастаноўкі “Паўлінкі”, “Збянтэжанага Саўкі”, п'есы “Чорт і баба”. Вяршыняй яе творчай працы стаў “Восеньскі Кірмаш”, які на працягу 10 гадоў з вялікім задавальненнем прымаюць жыхары Даўгаўпілса.
Ці варта пытацца сёння, у дзень юбілею, што такое шчасце для яе? Зразумела і так. Не будзе яна адпачываць дома, бо зусім хутка чакае Міжнародны фестываль “Балтыка”.
Пажадаем і надалей нашай Галіне Францаўне здароўя і, вядома ж, шчасця!
Інфармацыя падрыхтавана:
Іна Валюшка, старшыня Праўлення таварыства “Уздым”
Фота: Цэнтр беларускай культуры