Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Радаўніца – памінальны, ціхі і сумны дзень. У гэты дзень мы ўспамінаем аб кожным, хто сышоў назаўжды. Склалася добрая традыцыя: наведваць у гэты дзень месцы пахаванняў былых сяброў таварыства “Уздым” і дзеячаў беларускага руху міжваеннай Латвіі.

Штогод сябры таварыства “Уздым” у гэты час прыходзяць на гарадскія могілкі, каб аддаць даніну памяці і запаліць свечкі на магілах памерлых, якія пакінулі памяць аб сабе. У гэтую вясну актывісты наведалі 18 магілаў на шматлікіх могілках горада. Запалілі свечкі на магілах памерлых, якія вядомы добрымі справамі не толькі ў беларускім таварыстве, але і ў Даўгаўпілсе. Гэта магілы аднаго з заснавальнікаў “Уздыма”, вядомага журналіста і паэта Зянона Бурага; галоўнага рэдактара газеты “Дынабург” Паўла Бурага і сакратара Вольгі Кудрашовай (менавіта ў рэдакцыі на вул. Віенібас, 18 быў зарэгістраваны першы юрыдычны адрас беларускага таварыства “Уздым”); прадпрымальніка Мар'яна Панкевіча, які фінансаваў факультатыў беларускай мовы ва ўніверсітэце і выданне беларускай старонкі ў газеце “Сейчас”; урача і рукадзельніцы Валянціны Абушкевіч; урача, паэта і мастачкі Настассі Сазанкавай і многіх іншых. Асаблівую ўвагу беларускае таварыства “Уздым” надае гістарычнай памяці, мінуламу беларускай дыяспары Даўгаўпілса. Так, на Лютэранскіх могілках спачываюць настаўнікі Даўгаўпілскай дзяржаўнай беларускай гімназіі (1922-1935) Аляксей Барткевіч і Васіль Зянкевіч, на Каталіцкім – акцёры беларускага тэатра Іосіф Камаржынскі і Канстанцін Александровіч, на Камунальным – педагог Мікалай Талерка, на Грыўскіх – былы дырэктар беларускай гімназіі святар Я. Плотс.

Аднак да гэтага часу невядома месца пахавання першага старшыні Беларускага культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына” (1921 г.) і педагога Яна Восіпавіча Харлапа, пісьменніка Віктара Вальтэра (1902-1931).

У малітве ўзгадалі ўсіх, чые магілы знаходзяцца па-за межамі Даўгаўпілса і ў Беларусі. Сумным быў гэты дзень. Няхай зямля будзе пухам усім, хто сыйшоў назаўжды ў зорную высь...

Інфармацыя падрыхтавана:

Іна Валюшка, старшыня Праўлення таварыства “Уздым”

Фота: Ж. Раманоўскай