25 красавіка 2022 года ў Цэнтры беларускай культуры таварыства “Уздым” адсвяткавала Вялікдзень с традыцыйнымі беларускімі прысмакамі. Святочны стол упрыгожвалі куліч, яйкі-крашанкі і маляванкі – сімвалічныя стравы Вялікадня.
Беларуская кухня вельмі разнастайная, і таму варта ўзгадваць свае традыцыйныя стравы.
У тым, што стравы беларускай кухні самыя апетытныя і карысныя, змаглі пераканацца ўдзельнікі, а таксама госці свята – Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Віктаравіч Лапуць і консул Галіна Валер’янаўна Найдзёнава.
Якія стравы спажывалі нашы продкі? У якіх абрадах выкарыстоўвалі іх беларусы? Як гатавалі? Пра ўсё гэта і многае іншае можна было даведацца ад гаспадынь, якія прыгатавалі цэлы стол смакаты.
Сваімі сакрэтамі падрыхтавання страў падзяліліся: Зінаіда Сіліня, Юрый Галоўка, Лілія Воранава, Таццяна Дзянісава, Вольга Паўловіч, Інта Іванова, Жанна Раманоўская і Марыя Памецька.
Гасцям былі прадстаўлены бабка, дранікі, квашаніна, блінцы, запячоныя яблыкі, поліўка, мачанка-верашчака і абавязкова святочны беларускі куліч з фарбаванымі яйкамі, і вельмі многа іншых прысмакаў.
Праграма свята, якую падрыхтавала Лілія Воранава, складалася з экскурса ў гісторыю беларускай кухні, вершаў, песень, якія таксама былі тэматычнымі. Гасцям прапаноўвалася паслухаць карысныя парады, якія дапамогуць прыгатаваць бульбу, паслухаць шматлікія прымаўкі пра хлеб, прыняць удзел у гульні “Працягні прыказку”, дзе вядучыя зачытвалі пачатак прыказкі, а госці спрабавалі яе закончыць, а таксама паспрабаваць успомніць знаёмыя беларускія назвы старажытных страў, і як і з чаго яны гатаваліся. Зінаіда Сіліня акапэльна спявала беларускія народныя песні, якім навучылася ад маці.
Пачаставацца стравамі змаглі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Свята беларускай кухні атрымалася займальным, пазнавальным і дужа смачным са святочнымі прысмакамі!
Лілія Воранава, намесніца старшыні таварыства “Уздым”