Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

22 сакавіка 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася паэтычная вечарына Ліліі Воранавай “Вясенні настрой”, якая прыйшлася якраз на час святкавання Сусветнага дня паэзіі. Прагучаўшыя вершы і песні на словы аўтара акунулі слухачоў у гарманічны паэтычны свет.

У Беларускім доме раней ужо праходзілі творчыя вечары Ліліі Воранавай: тры гады таму тут адкрылі гэта новае паэтычнае імя, а год таму адбылася анлайн-прэзентацыя яе першага зборніка вершаў “Першацвет”.

З чарговым творчым вечарам аўтара вершаваных твораў цёпла павіншавалі кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць, члены Праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.

Лілія Воранава актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці беларускай дыяспары Даўгаўпілса: уваходзіць у склад Праўлення “Уздыма”, спявае ў харавой капэле ЦБК “Спадчына”, удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах. Будучы ўраджэнкай Міёрскага раёна (Беларусь), захавала ў сабе непадробленую і шчырую любоў да малой радзімы – гэтая тэма чырвонай ніткай праходзіць праз яе творчасць, і творчы псеўданім адтуль – Журавінка. Невыпадкова на пачатку і напрыканцы вечарыны прагучалі дзве песні пра любімы край на словы Л. Воранавай, вельмі кранальна і пранікнёна выкананыя “Спадчынай”.

Аўтар зборніка з радасцю дзялілася са слухачамі сваімі патаемнымі радкамі. Але і госці не засталіся ў даўгу: кожны знайшоў нешта сваё, блізкае і роднае ў яе паэзіі і з трапятаннем зачытваў упадабаныя вершы. Самы кранальны падарунак для віноўніцы ўрачыстасці паднёс унук Акім, які з вялікім хваляваннем прачытаў бабулін верш.

Шмат шчырых і цёплых віншаванняў прагучала ад калег па Даўгаўпілскай рускай пісьменніцкай арганізацыі – Валянціны Пруднікавай, Кацярыны Андрэевай, Галіны Івановай; ад калег-удзельнікаў творчага калектыву “Спадчына” і яе першага мастацкага кіраўніка Яніны Юзэфовіч; ад родных і блізкіх.

Атмасфера вечарыны ў коле аматараў паэзіі была настолькі пазітыўнай, душэўнай і, вядома ж, творчай, што такія ж святочныя літаратурныя сустрэчы абавязкова будуць мець далейшы працяг.

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры