З 21 па 27 лiстапада 2021 года мне давялося ўдзельнічаць у творчай стажыроўцы ў Мінску, якую арганiзаваў Рэспублiканскi цэнтр нацыянальных культур Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь.
У гэтым годзе праходзіла расшыраная творчая стажыроўка і таму 30 прадстаўнікоў з сямі краін свету, якія папулярызуюць беларускую культуру за мяжой, сустрэліся па запрашэнні Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Гэта прадстаўнікі беларускіх дыяспар Расіі, Узбекістана, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Італіі і Казахстана. Самае вялікае прадстаўніцтва было ад Латвіі – 9 чалавек. Усе дні былі вельмі напружанымі.
Для беларусаў замежжа былі праведзены майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вакале і харэаграфіі, арганізаваны выезды ў рэгіёны. У праграме была паездка ў “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР” – афіцыйная сустрэча ў суправаджэнні ансамбля народнай музыкі “Магілёўцы”, тэатралізаваныя фальклорныя праграмы-прэзентацыі “Святы і абрады” калектываў з розных раёнаў Магілёўшчыны, прэзентацыя выставы ручнікоў, “круглы стол” з прадстаўнікамі кіраўніцтва Магілёва, міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтвам Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра; майстар-класы па народным вакале і майстроў мастацкіх рамёстваў, экскурсія па Магілёве, наведванне Мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”, экскурсія ў Абласны краёвы музей імя Е.Р. Раманава, інтэрв'ю.
Удзельнікі стажыроўкі акунуліся ў беларускую культуру, пазнаёміліся з беларускай кухняй, вывучалі песні і вучыліся іх спяваць сумесна з калектывамі, вывучалі беларускія народныя танцы і таксама сумесна іх танцавалі, вадзілі карагоды, наведвалі музеі, пабывалі на адкрыцці выставы “Беларускі позірк Даўгаўпілса” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, наведалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы, Нацыянальны гістарычны музей, Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, удзельнічалі у семінарах, сустракаліся за “круглым сталом” з кіраўніцтвам Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і шмат іншага.
Для мяне асабліва карысным быў майстар-класс па вакале беларускай традыцыйнай песні і методыцы працы з вакальным калектывам, які 24 лістапада правёў Валодчанка Аляксандр Юр’евіч – харавы дырыжор, старшы выкладчык кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору БДУКіМ. За дзве гадзіны педагог навучыў нас розным практыкаванням, як правільна спяваць, навучыў правільнаму дыханню пры спеве, памагаў навучыцца развіваць свой голас. Спевы – гэта такі ж творчы навык, як, напрыклад, маляванне. Каб развіваць навык далей, трэба рэгулярна практыкавацца і практыкавацца. Аляксандр Юр’евіч навучыў нас, 30 чалавек з 7 краін свету, спяваць песню “Каб любіць Беларусь нашу мілую”.
Гэта песня прагучала ў нашым выкананні на сустрэчы з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Маркевічам Анатолем Мечыслававічам, якая адбылася 26 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі. І разам з беларусамі замежжа спяваў міністр. Прадстаўнікі дыяспар змаглі задаць свае пытанні міністру культуры, а таксама падзякаваць за такую цудоўную і неабходную стажыроўку, уручыць падарункі.
Па заканчэнні стажыроўкі ўсе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты ад Рэспублiканскага цэнтра нацыянальных культур Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, а таксама шмат падарункаў.
Мы старанна запаміналі ўсё, каб прывезці ў Латвію і трапятліва перадаць скарб беларускай культуры ва ўсёй яе красе беларускай дыяспары. Мы пасябравалі паміж сабой і нам вельмі не хацелася расставацца. А яшчэ мы вельмі рады, што наша краіна памятае і падтрымлівае нас, запрашае да сябе і хлебасольна сустракае. Цудоўны і карысны вопыт!
Хочацца выказаць словы падзякі роднай краіне, Міністэрству культуры Рспублікі Беларусь, Рэспублiканскаму цэнтру нацыянальных культур і асабліва яго дырэктару Вользе Вітальеўне Антоненка.
Член Праўлення таварыства “Уздым” Лілія Воранава
Прэс-фота і фота аўтара