Святкаванне дня нараджэння культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, якому 6 ліпеня 2021 года споўнілася 28 гадоў, стала ўжо штогадовай традыцыяй у беларусаў Даўгаўпілса. Мяняецца толькі месца правядзення і склад удзельнікаў. Але нязменным застаецца святочная сяброўская атмасфера і шчырыя ўсмешкі.

У гэтым годзе святочнае мерапрыемства ў кафэ сабрала шчаслівых уладальнікаў Covid-сертыфікатаў і тэстаў, на жаль, у Латвіі яшчэ дзейнічаюць сур'ёзныя абмежаванні. Старшыня праўлення “Уздыма” Жанна Раманоўская адкрыла мерапрыемства віншавальнымі словамі, коратка акрэсліла мінулыя вехі і перспектывы развіцця, падзякавала сябраў грамадскай арганізацыі за актыўную працу.

Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць і консул Галіна Найдзёнава цёпла павіншавалі ўсіх з днём нараджэння таварыства, адзначылі яго важную ролю ў захаванні беларускай культуры і развіцці сяброўскіх сувязяў паміж двума суседнімі краінамі, а таксама падарылі нацыянальныя сувеніры з Беларусі, якія настальгічна нагадваюць пра малую радзіму.

Арганізатары і ўдзельнікі свята ўнеслі свой пасільны вкдад у тое, каб дзень нараджэння прайшоў на годным узроўні, весела і заўзята. Шчырыя віншаванні, песенныя і танцавальныя нумары, запальныя танцы, фотасесія ў прыгожым дворыку, сяброўская гутарка і цёплыя ўспаміны – нікому не прыйшлося сумаваць.

Традыцыі жывыя, а значыць, ёсць упэўненасць і надзея на паспяховае развіццё і даўгалецце грамадства. З днём нараджэння, “Уздым”!

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька, член таварыства “Уздым”