Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Кожны год у першую нядзелю ліпеня на Кургане дружбы, змешчаным на стыку межаў Латвіі, Беларусі і Расіі, праходзяць мерапрыемствы ў памяць аб героях антыфашысцкага супраціўлення, якія загінулі за свабоду ў Другой сусветнай вайне. У гэтым годзе 62-я інтэрнацыянальная сустрэча ў сілу covid-абмежаванняў адбылася ў скарочаным фармаце, але кветкі з Даўгаўпілса па традыцыі ляглі да падножжа Кургана дружбы і помнікаў.

Курган дружбы ўзведзены ў 1959 годзе і ўяўляе сабой насыпны ўзгорак вышынёй каля трох метраў. На вяршыні кургана расце дуб – сімвал дружбы народаў. Да вяршыні ўзгорка вядуць каменныя прыступкі, якія з'яўляюцца працягам трох алей: з боку Расіі – кляновай, Латвіі – ліпавай і Беларусі – бярозавай; у кожнай алеі – свой помнік.

4 ліпеня 2021 года дэлегацыі, падзеленыя межамі, удзельнічалі ў памятнай праграме кожная на сваёй тэрыторыі. Адбыўся мітынг з выступленнем афіцыйных асоб, грамадскіх і палітычных дзеячаў, запальванне сімвалічнага вогнішча дружбы, прагучалі песні ваенных гадоў.

Працягваючы шматгадовую традыцыю, беларусы з Даўгаўпілса здзейснілі паездку на Курган дружбы. Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць і старшыня праўлення “Уздыма” Жанна Раманоўская на латвійскай тэрыторыі ўсклалі кветкі і вянкі да падножжа Кургана дружбы, да помніка легендарнаму партызану і падпольшчыку Іманту Судмалісу, да помніка ў гонар 70-годдзя Перамогі.

Таксама вянкі і кветкі ўсклалі Генеральны консул РФ у Даўгаўпілсе Яўген Калеснікаў і консул Наталія Пуставалава.

Подзвіг у імя міру і свабоды не павінен быць забыты!

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька, член таварыства “Уздым”