Прайшоў яшчэ адзін навучальны год у беларускай школе, якая працуе пры таварыстве “Уздым”. Нажаль, дзяцей мы бачылі толькі на сустрэчы з Дзедам Марозам. Астатнія ўрокі праходзілі он-лайн. Незвычайныя абставіны ў краіне ўносяць перамены ва ўсё жыццё.
Але ўсе павіна быць “па плану”: быў першы званок, будзе і апошні, так вырашалі мы – настаўнікі.
30 мая сабраліся мы каля экранаў сваіх кампутараў на свята. Да нас у госці завіталі ганаровыя госці: консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава, ганаровая старшыня СБЛ Валянціна Піскунова, старшыня таварыства Жанна Раманоўская, паэт Станіслаў Валодзька.
Свята адкрыла Жанна Раманоўская. Яна павіншавала дзяцей і настаўнікаў з заканчэннем навучальнага года. Расказала, што кіраўніцтвам “Уздыма”быў падрыхтаваны праект і гарадская ўлада фінансава яго падтрымала. Дзеці і настаўнікі атрымалі магчымасць арганізаваць вандроўку ў Рыгу па беларускім мясцінам. Плануем наведаць: Рыжскую беларускую школу, музей барыкад, магілу С.Сахарава, музей Аляксандры Бельцавай.
Чаму школа мае назву “Вясёлка”? Такое пытанне задала вядучая свята, куратар школы Людміла Сінякова. Калісьці, на занятках дзеці самі прыдумвалі назву школы, малявалі эмблему. Вось і працуе наша “Вясёлка”.
Настаўнікі Алёна Радзівонава і Людміла Сінякова расказалі аб тым, што вывучалі ў гэтым навучальным годзе, якія цікавыя відэа, прэзентацыі і заданні прапанаваліся дзецям.
На уроках гісторыі настаўніца А. Радзівонава знаёміла дзяцей са старажытнасцямі беларусаў, распявадала пра святы “Гуканне вясны” і “Вялікдзень”.
Па беларускай мове настаўніцай Вольгай Паўловіч прапаноўваліся да вывучэння тэмы: Алфавіт. Сказ, слова і літара. Сям’я. Школа.
Па беларускай літаратуры: да ўдзелу ў конкурсу малюнкаў у Таліне знаёміліся з вершамі Пятра Глебкі, былі запісаны відэа, дзе Л.Сінякова чытала вершы. А потым дзеці малявалі малюнкі. Знаёміліся з біяграфіямі пісьменнікаў Івана Шамякіна і Івана Мележа. Былі падрыхтаваны прэзентацыі. Быў праведзен агульны урок па беларускай мове і літаратуры па казке “Дзьмухавец” (аўтар А. Кобец – Філімонава) з творчымі заданнямі. Вялі размову пра падрыхтоўку да Вялікдня.
На музычных занятках настаўніца Таццяна Блізнакова прапаноўвала паслухаць і выкарыстаць на сямейных святах Калядныя і Валачобныя песні.
Мы правялі сустрэчу з Дзедам Марозам. Дзеці атрымалі падарункі ад консульства, таварыства “Уздым” і ЦБК.
Падрыхтавалі і падалі дакументы на падаўжэнне ліцэнзіі.
На свяце Сафія Блізнакова выканала музычную кампазіцыю “Меланхалічная рыбка” на фартапіяне, Павел Кузьміч прачытаў верш на беларускай мове і сыграў на гітары, Кацярына Кузьміч выканала п’есу на піяніна. Акім Воранаў праспяваў сваю любімую песенку на беларускай мове, якой яго навучыла бабуля.
Падчас свята была прэзентавана кніга “Вясёлка”-25”, аўтарамі з’яўляюцца Людміла Сінякова і Мікола Паўловіч. З новым выданнем пазнаёміла Вольга Паўловіч. У кнігу ўвайшлі гістарычныя матэрыялы, фотаздымкі з архіва М.Паўловіча, дадзен аналіз кожнага навучальнага года па матэрыялах настаўнікаў, прыведзены спісы дзяцей, якія наведвалі ў гэтыя гады школу. Кніга багата ілюстрацыямі.
У гэтым навучальным годзе ў нас ёсць адна выпускніца – добрасумленная, адказная, актыўная Эля Марчанка. Яна атрымала пасведчанне пад нумарам 4 аб заканчэнні беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” і ў падарунак кнігу пра школу. Мы знойдзем час, каб арганізаваць асабістую сустрэчу з Эляй, каб уручыць пасведчанне.
Са святам нас павіншавалі ганаровыя госці: Г. Найдзёнава, А.Лазарава, В.Піскунова, С.Валодзька. Выказалі пажаданні далейшай плённай працы і падзякавалі за ўвагу, добрыя адносіны да вучняў, за ўклад у вывучэнне беларускай мовы, культуры і гісторыі. Кожны настаўнік і госць атрымалі ў падарунак кнігу пра школу.
У школе прагучаў апошні званок он-лайн...
Матэрыял падрыхтавала:
Людміла Сінякова
куратар школы,
член праўлення таварыства “Уздым”
член праўлення Саюза беларусаў Латвіі