7 мая 2021 года, у 18 гадзін, на пляцоўцы ZOOM адбылося традыцыйнае свята, прысвечанае 76-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, арганізаванае Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым”.
Кожны год мы віншуем нашых ветэранаў, але ў гэтым годзе з-за пандэміі мы сабраліся онлайн, каб не парушаць нашу традыцыю.
Свята ўпершыню праводзілася ў такім фармаце. Усе рыхтаваліся самастойна і хваляваліся, але настрой быў цудоўны і святочны. Кожнаму ўдзельніку, якіх было пятнаццаць, была дадзена магчымасць павіншаваць усіх прысутных песняй, вершам альбо баладай.
У самым пачатку свята вядучая Лілія Воранава павіншавала ўсіх з днём Перамогі і аб’явіла хвіліну маўчання. Затым усіх прысутных павіншавала консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Галіна Валер’янаўна Найдзёнава, якая перадала таксама віншаваннне і ад Генеральнага консула Рэспулікі Беларусь у Даўгаўпілсе Іллі Віктаравіча Лапуця. Затым Галіна Валер’янаўна прачытала верш; а пасля яе праніклівага выступлення калектывам таварыства “Уздым” быў зачытаны “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага. Намесніца старшыні таварыства “Уздым” Таццяна Дзянісава павіншавала членаў беларускага таварыства са святам і таксама прачытала верш.
На онлайн-свяце прысутнічалі шаноўныя госці: члены арганізацыйнага Камітэта Аб’яднаня Беларусаў у Іарданіі Аксана Чамеза і Надзея Аль-Аліман, старшыня Саюза Беларусаў Латвіі Алена Лазарава, члены таварыства “Узоры” з г. Ліваны Яўгеній Пашкевіч і Лідзія Знотыня, член Рускай пісьменіцкай арганізацыі ў Даўгаўпілсе Валянціна Пруднікава. Усе натхнёна чыталі вершы і спявалі песні.
Затым усіх павіншаваў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька і член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерый Амбросаў. У выкананні кіраўніцы харавой капэлы ЦБК “Спадчына” Яніны Юзэфовіч прагучала песня “Ой, бярозы ды сосны”.
Закончылася свята песняй “День Победы”, якую сольна выканала Ніна Прусакова, а пасля з запалам падхапілі ўсе прысутныя. Такія сустрэчы, нягледзячы на фармат онлайн, заўсёды праходзяць у цёплай і сяброўскай атмасферы і згуртоўваюць калектыў у такі няпросты час.
Лілія Воранава,
Член праўлення таварыства “Уздым”