Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

8 красавіка 2021 года на пляцоўцы ZOOM адбылася онлайн-прэзентацыя першага зборніка вершаў паэткі Ліліі Воранавай “Першацвет” ( «Первоцвет»), арганізаваная беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” сумесна з Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК).

Лілія Воранава – вельмі актыўная творчая асоба і непаседлівая натура, якая ярка выяўляе сябе ў грамадскай працы, у вершах і песнях. Нарадзілася ў Беларусі, у Міёрскім раёне – краі журавінавых балот і жураўлёў, у шматдзетнай сялянскай сям'і. Вясковыя абшары, васільковыя палі, блакітнае неба з мудрагелістымі аблокамі, якое адлюстроўваецца ў глыбіні азёраў, наклалі глыбокі адбітак на тонкую ўражлівую натуру і ўжо ў 7-ым класе дзяўчынка пачала пісаць вершы. Праўда, працягвалася гэта нядоўга і зноў, шмат у чым “з лёгкай рукі” кіраўніцы ЦБК Жанны Раманоўскай, вярнулася да творчасці праз доўгія гады. Зараз Л. Воранава з'яўляецца членам праўлення таварыства “Уздым”, спявае ў харавой капэле ЦБК “Спадчына”, піша вершы, уваходзіць у пісьменніцкае аб'яднанне Даўгаўпілса.    

Раздзяліць з аўтарам зборніка Ліліяй Воранавай радасць нараджэння кнігі, якая выйшла на беларускай і рускай мовах, онлайн сабралася 25 чалавек з розных куткоў Латвіі і замежжа. Адкрываючы літаратурна-музычную прэзентацыю, Ж. Раманоўская распавяла пра цікавыя моманты яе выдавецтва і пажадала аўтару ўпэўнена крочыць па паэтычным шляху.

Непадробленую цікавасць ва ўсіх гасцей вечара выклікала літаральна ўсё: і тое, як дзялілася радаснымі эмоцыямі і чытала свае вершы Л. Воранава; і прэм'ера песні на яе вершы “Ты адзіная ў нас” у выкананні кіраўніцы харавой капэлы “Спадчына” Яніны Юзэфовіч (яна ж і аўтар музыкі); і выступленне калег-паэтаў Паўла Плотнікава і Валянціны Пруднікавай, якія лічаць, што першая кніга – самая дарагая і доўгачаканая; і кранальнае выкананне песні “Я прыйшла за шчасцем” (пераклад з рускай Л. Воранавай) у выкананні дуэта з Ліван Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча; віншаванні ад члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валадзькі і кіраўніцы культурна-асветніцкага аб'яднання беларусаў у Іарданіі Аксаны Чамезы і, вядома ж, пранікнёныя выступленні і чытанне вершаў.

Лілію Воранаву перапаўнялі эмоцыі – хваляванне, радасць, гонар. Падводзячы вынікі, яна вельмі цёпла падзякавала ўсіх слухачоў, якіх зацікавіла і прыцягнула яе паэзія. Асаблівых слоў падзякі ўдастоілася каманда, якая працавала над выпускам кнігі: кіраўніца ЦБК і “Уздыма” Жанна Раманоўская, кіраўнік рускай пісьменніцкай арганізацыі ў Даўгаўпілсе Павел Плотнікаў, метадыст ЦБК Марыя Памецька, мастачка Алена Кандратовіч, вярстальшчыца Ірына Цыба. У лепшыя часы, калі можна будзе сабрацца разам на публічных мерапрыемствах, прэзентацыя кнігі Л. Воранавай абавязкова пройдзе афлайн.

Кніга вершаў “Першацвет” Ліліі Воранавай выдадзена грамадскай арганізацыяй Latgales Media Centrs па праекце, які атрымаў суфінансаванне Фонду падтрымкі НДА Даўгаўпілскай гарадской думы.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры,

Марыя Памецька, метадыст ЦБК