Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

21 сакавіка 2021 года – Сусветны дзень паэзіі, Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Уздым” адзначыла творчай сустрэчай на пляцоўцы zoom. У паэтычным вечары прынялі ўдзел актывісты дыяспары і мясцовыя літаратары.

Таварыства “Уздым” у гэтым годзе пачало актыўна выкарыстоўваць магчымасць правядзення масавых мерапрыемстваў і зносін на інтэрнэтнай пляцоўцы zoom. У такім фармаце прайшлі праектны семінар, свята “Лявона і Лявоніхі”, “Масленка”. Прапанову аб новай сустрэчы агучыў Станіслаў Валодзька – сабраць пад дахам “Уздыма” мясцовых паэтаў у іх святочны дзень. Арганізацыйнымі і фінансавымі пытаннямі займалася старшыня арганізацыі Жанна Раманоўская, мадэратарам мерапрыемства была член праўлення Лілія Воранава.

Старшыня праўлення таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская павіншавала ўсіх удзельнікаў, а іх было 19, са святам паэзіі. Ушанавалі памяць нядаўна адышоўшых у іншы свет паэтаў і членаў “Уздыма” Яўціхія Канаплёва і Зянона Бурага. Ж. Раманоўская прачытала верш “Крытыку” Максіма Багдановіча, які рэдактарскім рашэннем лёг у архіў “Нашай Нівы”, на старонках якой няўдала крытыкавалі будучага класіка беларускай літаратуры. Яно магло б застацца ненадрукаваным, але ў гісторыі беларускага руху ў Балтыі была неардынарная асоба – Канстанцін Езавітаў. Верш дайшоў да чытачоў. А

К. Езавітаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага культурна-асветіцкага таварыства “Бацькаўшчына” у Даўгаўпілсе, якое ўнесла неацэнны ўклад у станаўленне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў Латгаліі, ініцыявала адкрыццё беларускіх школ і гімназій, выпуск беларускіх выданняў. Гэтыя гістарычныя асобы заслужылі ўвагі на літаратурным вечары не выпадкова: у гэтым годзе спаўняецца 130-гадоў з дня нараджэння

М. Багдановіча і 100 гадоў з заснавання таварыства “Бацькаўшчыны”, якое было заснавана 25 сакавіка. Менавіта гэтая дата таксама з'яўляецца днём нараджэння Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (1999 год). А таварыства “Уздым” лічыць сябе пераемнікам “Бацькаўшчыны”.

Член праўлення таварыства “Уздым” паэтка Лілія Воранава падрыхтавала кароткую гістарычную даведку. У 1999 годзе ЮНЕСКА заснавала штогадовае свята – Сусветны дзень паэзіі, з мэтай “надаць новы імпульс і новае прызнанне нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным паэтычным рухам”.

А далей у фармаце вольнага мікрафона гучалі паэтычныя радкі. Свае вершы чыталі даўгаўпілскія паэты Павел Плотнікаў, Станіслаў Валодзька, Валянціна Пруднікава, Галіна Іванова, Анатоль Галер, Лілія Воранава.  

Удзельнікі вечарыны чыталі вершы мясцовых паэтаў: Яўціхія Канаплёва, Зянона Бурага, Людмілы Вілюмы, Фёдара Ісаева, Галіны Каленковай.

Прыхільнікі паэзіі звярнуліся да твораў класікаў сусветнай літаратуры: Амар Хайям, Роберт Раждзественскі, Аляксандр Пушкін, Максім Багдановіч, а таксама да сучасных, любімых аўтараў.

Творчы дуэт Ліванскага славянскага грамадства “Узоры” – Лідзія Знотыня і Яўген Пашкевіч, выканалі пад гітару песню “Наш масток” на словы С. Валодзькі.

У творчай атмасферы літаратурнай вечарыны намецілі наступную сустрэчу – 8 красавіка адбудзецца прэзентацыя першай кнігі Ліліі Воранавай.

Паважаныя паэты, са святам! Натхнення вам і творчых поспехаў, сардэчных знатакоў паэзіі, удзячных слухачоў, аб'ектыўных крытыкаў, разумных выдаўцоў, шчодрых пакупнікоў, цёплых сустрэч у коле аднадумцаў!

Арганізатар онлайн-мерапрыемства “Сусветны дзень паэзіі” – Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”.

Інфармацыю падрыхтавала:

Жанна Раманоўская,

Беларускае таварыства “Уздым”