З 8-га па 14-га сакавіка ў Беларусі праходзіў Масленічны тыдзень, а 14 сакавіка 2021 года, у 18 гадзін,  упершыню на пляцоўке ZOOM адбылося свята Масленкі, якое арганізавала Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” у супрацоўніцтве з Цэнтрам беларускай культуры г. Даўгаўпілса.   

Цэлы тыдзень усе актыўна рыхтаваліся да свята: пяклі бліны, фатаграфавалі іх, развучвалі новыя песні, вершы, жарты, загадкі. Гасцей на гэтым свяце таксама ветліва сустракалі, шчыра віталі і забаўлялі вядучыя.

Член праўлення таварыства “Уздым” Лілія Воранава падрыхтавала сцэнарый свята і выконвала ролю вядучай; ёй дапамагаў член праўлення “Уздыма” і член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерый Амбросаў.

Настрой удзельнікаў віртуальнай Масленкі быў цудоўны і святочны, так як у праваслаўных і старавераў была яшчэ і Даравальная нядзеля. Кожны  папрасіў дараваць яго за грахі. А затым усе пахваліліся сваімі блінамі, якія ў некаторых удзельнікаў нагадвалі цэлыя мастацкія творы. Ніхто не сумаваў, усе забаўляліся, спявалі, жартавалі, кідаліся і сілкаваліся блінамі, бо існуе народная прыкмета – “таму, хто на Масленку сумуе, цэлы год не шанцуе”.

Вось так весела і дружна праводзілі актывісты “Уздыма” Масленку і развіталіся з ёй да наступнага года.

Гэта была другая онлайн-сустрэча калектыва. Яна таксама прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы, якая яшчэ больш згуртавала калектыў у гэты складаны час.

Тэкст: Лілія Воранава,

Фота: Жанна Раманоўская