14 сакавіка 2021 года ў Мінску ад хваробы памёр беларускі дыпламат Ахрамовіч Генадзь Уладзіміравіч, былы Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе.

Ахрамовіч Г.В. нарадзіўся 23 лютага 1965 года ў Гомельскай вобласці Беларусі.

C адзнакай скончыў Кіеўскае вышэйшае ваеннае агульнавайсковае каманднае вучылішча, затым Маскоўскую ваенна-дыпламатычную акадэмію, навучальныя курсы МЗС ФРГ для маладых дыпламатаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

З 1995 года працаваў у сістэме Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Працаваў ва ўпраўленні краін СНД пры МЗС, быў першым сакратаром пасольства Беларусі ў Латвіі, Генеральным консулам у Даўгаўпілсе, паслом па асобых даручэньнях МЗС, Надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Азербайджане. Пяцігадовая камандзіроўка на Каўказ завяршылася ў канцы 2020 года, дыпламат вярнуўся ў Мінск.

У паведамленні беларускага МЗС у Facebook адзначаны значны ўклад выдатнага дыпламата ў станаўленне і развіццё дыпламатыі Беларусі. Ахрамовіч Г.В. адзначаны ордэнам “За службу Радзіме” III ступені, Ордэнам Пашаны, іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. “Генадзь Уладзіміравіч карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай у Беларусі, сярод калег і падначаленых, а таксама замежных партнёраў”, - гаворыцца ў паведамленні.

Дачка Ахрамовіча Таццяна распавяла парталу Tut.by, што ў яе бацькі быў Covid-19 і хранічныя захворванні.

Шчырыя спачуванні сям'і і блізкім. Вечная памяць…

Інфармацыя падрыхтавана:

Жанна Раманоўская