5 сакавіка 2021 года, пятнічным вечарам, адбылося свята “Лявон і Лявоніха”, арганізаванае Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” у супрацоўніцтве з Цэнтрам беларускай культуры г. Даўгаўпілса. Гэта даўняя традыцыя суполкі праводзіць зіму і сустракаць вясну разам, а таксама віншаваць мужчын і жанчын, выказваць добрыя пажаданкі і спяваць. Свята ўпершыню праводзілася он-лайн, на пляцоўцы ZOOM, таму атрымалася незвычайным і душэўным.

Штогод таварыства “Уздым” арганізуе свята “Лявона і Лявоніхі” на працягу часу ад 23 лютага да 8 сакавіка. У фармаце капусніка сябры праводзяць зіму, сустракаюць вясну, ушаноўваюць мужчын і жанчын, спяваюць і жартуюць, смакуюць стравы нацыянальнай беларускай кухні. У мінулым годзе пандэмія каронавіруса, якая  звалілася аднекуль, як трасца, вымусіла ўсіх разгубіццца, абмежавала сустрэчы і адмяніла свята. У гэтым годзе, ужо з жыццёвым вопытам і  прыроднай кемлівасцю, беларусы вырашылі свята правесці – у інтэрнэце!

Такая спроба была ўпершыню, і ўсе хваляваліся, рыхтаваліся старанна, з натхненнем і цудоўным настроем.

Кіраўніца ЦБК і старшыня таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская і намесніца старшыні Таццяна Дзянісава павіталі і павіншавалі членаў таварыства са святамі. Таксама былі зачытаныя віншаванні жанчынам дыяспары са святам 8 сакавіка ад Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, Саюза беларусаў Латвіі.

Гасцей свята шчыра сустракалі, віталі і забаўлялі гаспадары – “Лявон” (член праўлення таварыства “Уздым” і член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерый Амбросаў)  і “Лявоніха” (член праўлення таварыства “Уздым” Лілія Воранава, якая падрыхтавала сцэнарый свята).

Кожны ўдзельнік “Лявона і Лявоніхі” (а іх было дванаццаць) меў магчымасць павіншаваць калектыў песняй, вершам, частушкамі альбо жартамі. Усе весяліліся, ніхто не сумаваў і не “спаў у шапку”.   

Менавіта гэтаму святу “Уздыма” прысвечаны верш “Лявон і Лявоніха” на беларускай мове Л. Воранавай, які выразна прачытала Т. Дзянісава. У сваю чаргу, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў верш пра каханне і мары, свой паэтычны пераклад рускай песні “Пад акном шырокім вішня”.

Кіраўніца харавой капэлы “Спадчына” Яніна Юзэфовіч акапэльна праспявала кранальную “Бярозку”. Тэму працягнула Ніна Прусакова з песняй “Васільковае поле”. Юрый Галоўка падхапіў народнай “А ў полі пры дарозе дзеўка жыта жала”. І зусім неверагодным стаў вакальны дэбют з прыпеўкамі пад уласны акампанемент на акардэоне Алены Радзівонавай, настаўніцы школы “Вясёлка” і члена праўлення таварыства “Уздым”.

Эстафету ад спевакоў перанялі дэкламатары: старшыня фальклорнага гурта “Купалінка” Інна Валюшка прачытала лірычны верш, а Ніна Смулько выбрала класіку – “Ідзе вясна” Якуба Коласа.

Аматарскія выступленні ўспрымаліся ўдзельнікамі свята з цікаўнасцю і апладысментамі. Сустрэча он-лайн прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы, якая згуртавала калектыў у такі няпросты час. Дзякуем усім актыўным сябрам!

Інфармацыя падрыхтавана:

Лілія Воранава,

член Праўлення таварыства “Уздым”