19 лютага 2021 года Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе на пляцоўцы ZOOM арганізаваў і правёў II Міжнародную канферэнцыю “Беларускія чытанні: Культура. Гісторыя. Дыяспара”, у якой удзельнічала і беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел дакладчыкі з пяці краін: Латвія, Беларусь, Польшча, Чэхія, Эстонія. З прывітальным словам выступіла Жанна Раманоўская – кіраўніца Цэнтра беларускай культуры; Яніс Дукшынскі – намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы; Ілля Лапуць – Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе. Ад беларускага таварыства “Уздым” з дакладам выступіла педагог Алена Радзівонава на тэму “Беларуская нядзельная школа ў Даўгаўпілсе як унікальны вопыт захавання нацыянальнай ідэнтычнасці”.

 Даклад суправаджаўся прэзентацыяй з фотаздымкамі і тэкстам і пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з гісторыяй і структурай беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”, яе ліцэнзіяй і педагагічным саставам, з навучальным планам, адпаведным праграме школы; таксама ў ім утрымліваўся агляд аб традыцыйных і народных святах, аб узнагародах навучэнцаў за ўдзел у конкурсах, арганізаваных цэнтрам нацыянальных меншасцяў “Радзіма” у Таліне, БКАТ “Уздым”, ЦБК.

Было адзначана, што інфармацыя аб дасягненнях і мерапрыемствах школы размешчана ў газеце “Уздым”, на афіцыйным сайце “Уздыма”, на старонках таварыства ў Instagram і Facebook. Школу падтрымліваюць ЦБК, Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рызе, Даўгаўпілская гарадская дума.

Несумненна, дзейнасць беларускай нядзельнай школы ў Даўгаўпілсе спрыяе захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Навучэнцы пашыраюць свой кругагляд, развіваюцца культурна, творча. Некаторыя дзеці пасля заканчэння школы паступаюць у беларускія ВНУ.

А ў панядзелак, 22 лютага, працягам канферэнцыі стала публічная дыктоўка, прымеркаваная да Дня роднай мовы, якую напісалі ўсе жадаючыя, далучыўшыся он-лайн. Асновай для дыктоўкі паслужыў урывак з рамана “Людзі на балоце” Івана Мележа, стагоддзе якога адзначыў літаратурны свет у Беларусі і за яе межамі ў лютым.

Канферэнцыя і дыктоўка прайшлі вельмі цікава і пазнавальна. Слухаць, гаварыць і пісаць на роднай мове, тым больш, у дні, калі сусветная супольнасць адзначае Дзень роднай мовы – гэта вельмі важна, патрэба і значна для кожнага.

Інфармацыя падрыхтавана:

Алена Радзівонава, педагог школы “Вясёлка”,

член праўлення таварыства “Уздым”