12 снежня 2020 года ў Таліне завяршыліся Дні беларускай культуры ў Эстоніі, у рамках якіх праводзіўся Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Вершы Пятра Глебкі ў малюнках”, прысвечаны 115-годдзю беларускага паэта. У лік пераможцаў увайшлі юныя мастакі Даўгаўпілскага беларускага таварыства “Уздым”.
На конкурс дзіцячага малюнка “Вершы Пятра Глебкі ў малюнках” у Эстоніі былі прадстаўлены малюнкі дзяцей членаў Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”: Кацярына Кузьміч, Павел Кузьміч, Дыяна Радзівонава. Па выніках конкурсу Цэнтрам нацыянальных меншасцяў “Радзіма” у Таліне была аформлена перасовачная выстава малюнкаў.
На днях з Таліна ў Даўгаўпілс пошта даставіла пасылку для ўдзельнікаў конкурсу. Ва ўзроставай катэгорыі 5-7 гадоў у лік пераможцаў увайшла Дыяна Радзівонава (5 гадоў), якая заняла 2-е месца! Канкурсанты ўдастоены дыпломаў, салодкіх падарункаў і набораў для малявання. Журы адзначыла, што малюнкі паказалі высокі мастацкі ўзровень дзіцячай творчасці, адрозніваліся багаццем фарбаў, вобразаў, разнастайнасцю стыляў і тэхнік выканання.
Арганізатары даслалі ліст падзякі Алене Радзівонавай, настаўніку нядзельнай школы “Вясёлка”, якая курыравала праект, а таксама выказалі надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва партнёрскіх грамадскіх арганізацый “Радзіма” і “Уздым”.
Вялікі дзякуй усім, хто прыняў удзел у конкурсе, а арганізатарам за словы падзякі і цудоўныя прызы! Віншуем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Праўленне таварыства “Уздым”