Новы 2021 год прыйшоў у беларускую нядзельную школу “Вясёлка” у Даўгаўпілсе  без звыклага Каляднага свята з карагодамі вакол ялінкі і гульнямі – дзейнічаюць адмежаванні з-за пандэміі Covid-19. Але дзеці не засталіся без салодкіх падарункаў і імпрэзы!

10 студзеня 2021 года настаўнікі нядзельнай школы “Вясёлка” павіншавалі вучняў на вуліцы Рыгас, каля прыгожай інсталяцыі, побач з Цэнтрам беларускай культуры. Сустракаў дзетвару Дед Мароз з мехам падарункаў.

Безумоўна, галоўная радасць – беларускія цукеркі фабрыкі “Камунарка” у кардонным куфэрку ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, а яшчэ нумар газеты “Уздым”, прысвечаны 25-гадоваму юбілею нядзельнай школы “Вясёлка”, дзе кожны знайшоў інфармацыю пра сябе.

Настаўнікі таксама атрымалі салодкія падарункі, газету і каляндар “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” на 2021, за які дзякуем Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе і Цэнтру беларускай культуры.

На памяць дзецям пра незвычайныя Каляды 2021 года застанецца прыгожы фотаздымак з Дзедам Марозам і падарункамі, па адным, і на сацыяльнай дыстанцыі – такі ўжо час...

Віншуем усіх дзяцей нядзельнай школы “Вясёлка” з навагоднімі святамі! Да хуткай сустрэчы ў школцы за партамі!

Інфармацыя падрыхтавая:

Алена Радзівонава,

настаўніца школы “Вясёлка”,

член Праўлення таварыства “Уздым”