Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

У чацвер, 2 чэрвеня 2020 года, дэлегацыя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” правялі флэшмоб “Віват, Беларусь!” у Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе. У такім нечаканым фармаце беларусы Даўгаўпілса павіншавалі радзіму з дзяржаўным святам – Днём Незалежнасці.

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, альбо Дзень Рэспублікі – галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, якое адзначаецца 3 ліпеня. З гэтым важным і знамянальным святам прадстаўнікоў Генконсульства павіншавала творчая дэлегацыя беларусаў Даўгаўпілса.

У яркіх народных строях, з паветранымі шарамі ў руках, дзятва дзіцячай студыі “Скарбніца”, супрацоўнікі ЦБК і члены Праўлення “Уздыма” прайшліся па сонечных вуліцах горада.

На тэрыторыі Генконсульства іх гасцінна сустрэлі в.а. Генеральнага консула РБ у Даўгаўпілсе Яўгенія Барткевіч, консул Мікалай Раманкевіч, супрацоўнікі дыпламатычнай установы. Дырэктар ЦБК і старшыня “Уздыма” Жанна Раманоўская ў віншавальнай прамове пажадала Рэспубліцы Беларусь “заўсёды быць шчаслівай: мірнай, здаровай, багатай, моцнай і свабоднай”, уручыла дыпламатам кветкавыя букеты. Дзеці пад апладысменты прысутных натхнёна праспявала песню “Беларусь чароўная”. А потым у мірнае блакітнае неба ўзляцелі чырвона-зялёна-белыя шары ў колерах беларускага дзяржаўнага сцяга.

Свята завяршылася пазнавальнай экскурсіяй па будынку Генконсульства, праведзенай Яўгеніяй Барткевіч, а за кубкам гарбаты яшчэ працягнулася цікавая гутарка з дыпламатамі.

З Днём Незалежнасці, Беларусь!



Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК