Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні, праведзены Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам ”Уздым”, увайшоў у лік лепшых праектаў, рэалізаваных у 2019 годзе беларусамі за мяжой, і адзначаны Дыпломам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.


I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні адбыўся 6 верасня 2019 года ў канцэртнай зале АРТ-цэнтра Марка Роткі. Цікавую ідэю таварыства “Уздым” праз конкурс праектаў недзяржаўных арганізацый фінансава падтрымала Даўгаўпілская гарадская дума.

Мэты, якія ставілі арганізатары фестывалю, а менавіта: заняць вольную нішу ў культурнай прасторы Латвіі; стварыць рэгулярны фестываль беларускай аўтарскай песні, які стане публічнай пляцоўкай для аб'яднання аўтараў і выканаўцаў Латвіі, Беларусі і замежжа; захаваць беларускую мову ў асяроддзі беларусаў замежжа – у Даўгаўпілсе, былі дасягнуты.

У фестывалі ўдзельнічалі 12 аўтараў і выканаўцаў з Латвіі, Беларусі і Літвы, канцэрт паглядзелі больш за 100 гледачоў. Былі напісаныя прэс-рэлізы, здадзена справаздача аб выкарыстанні аўтарскіх правоў у AKKA / LAA, выпушчаны фестывальны бюлетэнь “Уздым” на беларускай мове, аб'яўлены конкурс на назву фестывалю. Падзея была асветлена ў мас-медыя, знайшла станоўчы водгук у грамадскасці, што ўмацавала пазітыўны аўтарытэт таварыства “Уздым”.

Старшыня таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская: “Паколькі Фестываль беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе адпавядаў усім крытэрыям конкурсу рэалізаваных праектаў “Культура”, Праўленне вырашыла заявіць яго на конкурс. Гэта стопрацэнтнае дзецішча “Уздыма”: ад ідэі і пошуку грошай, да паспяховай рэалізацыі і якаснай справаздачы. Мы падарылі аматарам бардаўскай песні сапраўднае свята, і яно было з беларускім акцэнтам. Таму высокая адзнака конкурснага журы ў Мінску для нас – гэта ўзнагарода і стымул арганізаваць другі фестываль”.

Годам раней таксама ў лік пераможцаў конкурсу “Культура” трапіў праект выдання бюлетэня таварыства “Уздым”, які атрымаў ў якасці ўзнагароды дыплом і беларускія нацыянальныя сувеніры.

Інфармацыя падрыхтавана:
Беларускае таварыства «Уздым»