19 сакавіка 2020 года пасля цяжкай і працяглай хваробы на 61-м годзе жыцця памерла Таццяна Касуха, журналіст, шматгадовая вядучая беларускай перадачы на ​​Латвійскім радыё 4.

Т.Касуха нарадзілася ў Гомельскай вобласці Беларусі. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала па прафесіі ў Віцебску, затым у Рызе. Амаль 30 гадоў Таццяна Касуха вяла перадачу “Свiтанак” для беларусаў Латвіі на ЛР4 - Домская плошча.

Т.Касуха шмат ідэй, энергіі і сіл аддавала любімай справе, таварыству беларускай культуры “Світанак”. Таццяна была сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, для якога беларускасць - стан душы, свядомасці.

Сышоў чалавек светлай душы, добрага сэрца і высокай эрудыцыі...

Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры і Беларускае таварыства “Уздым" смуткуюць і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім Таццяны Касуха.